RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 21 Чэрвеня 2000

Сёньня



У Пінску настаўнікаў прымушаюць замест абавязковай нарыхтоўкі кармоў, выплочваць калгасам свае грошы.

З гэтай нагоды пінскія настаўнікі, якія ўваходзяць у мясцовую арганізацыю прафсаюзаў, накіравалі сёньня ліст пратэсту ў гарадзкі аддзел адукацыі і гарадзкі выканкам. Раней настаўнікі адаслалі лісты Аляксандру Лукашэнку і старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Даўгалёву.

У лісьце, у прыватнасьці, гаворыцца, што такая практыка ёсьць грубым парушэньнем працоўнага кодэксу Беларусі дый увогуле – ідэі дапамогі сельскай гаспадарцы. Грамадзкаму статку неабходна сена, а не разьліковыя білеты Нацыянальнага банку Беларусі, лічаць настаўнікі. Да таго ж чатыры тыся чы рублёў для настаўнікаў, стаўка ў якіх складае васемнаццаць тысячаў – немалыя грошы. Тымчасам у гарадзкім аддзеле адукацыі нам паведамілі, што плаціць грошы замест сена нікога не прымушаюць. Гаворыць начальнік аддзелу адукацыі Пінскага гарвыканкаму Эдуард Яленскі:

(Яленскі: ) “Першая школа сапраўды зьбірала грошы, гэта адзіная школа, хто зьбіраў грошы. Іх зусім ніхто не прымушаў. Яны на сходзе свайго калектыву прынялі такое рашэньне”.

Але старшыня пінскіх вольных прафсаюзаў настаўнікаў Рыгор Бурван кажа, што гэта няпраўда. Гаворыць сп. Бурван:

(Бурван: ) “Такую заяву начальнік аддзелу адукацыі мог зрабіць хіба толькі з-за адсутнасьці інфармацыі. Нам вядома, што практыку збору грошай, якая была ўхваленая гарадзкім аддзелам адукацыі, пачалі распаўсюджваць і выкарыстоўваць і ў іншых школах: у прыватнасьці, у школе №3, дзе значная частка настаўнікаў была вымушаная здаць па чатыры тысячы рублёў, каб адкупіцца ад паездкі ў калгасы на нарыхтоўку сена.”

У вольным прафсаюзе таксама лічаць, што ідэя замяніць нарыхтоўку сена грашыма, хутчэй за ўсё, сыходзіць ад кіраўнікоў саўгасаў, таму што дастаўка і забесьпячэньне часта няўмелых памочнікаў з гораду абыходзіцца даражэй, чымсьці само сена, якое яны косяць. Таму калгасу лепш атрымаць грошы, якія можна выкарыстаць і на іншыя патрэбы. А тымчасам настаўнікам яшчэ ня выплацілі заробку за травень. Паводле афіцыйных дадзеных, запазычанасьць гарадзкога бюджэту перад адукацыяй у Пінску складае зараз больш за 120 млн. рублёў. У той жа час 77 адсоткаў калгасаў на Піншчыне маюць запазычанасьць перад калгасьнікамі па заробку, якую часткова можна было б зьліквідаваць настаўніцкімі грашыма. Але настаўнікі з вольных прафсаюзаў зьбіраюцца пратэставаць супраць таго, што фінансавыя праблемы бедных калгасаў улады хочуць вырашыць коштам яшчэ бяднейшых настаўнікаў.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск.


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org