RFE/RL |
Аўторак, 20 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Апазыцыя не баіцца парлямэнцкіх выбараў, але ня хоча ўдзельнічаць у фарсе пад назовам «выбары». Менавіта гэтую думку спрабавалі данесьці сёньня да дэлегацыі «тройкі», што знаходзіцца цяпер у Менску, прадстаўнікі Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў. Кіраўнік рабочае групы ў справах Беларусі Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын, які адкрыў сёньняшнюю сустрэчу міжнароднай дэлегацыі з Кансультацыйнай радаю апазыцыйных палітычных партыяў і прэзыдыюмам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, зрабіў акцэнт на трох праблемах. Па-першае, ён адзначыў, што міжнародныя арганізацыі заўжды памятаюць пра чатыры ўмовы, без выкананьня якіх беларускімі ўладамі выбары ня могуць быць прызнаныя дэмакратычнымі. Па-другое, папрасіў прысутных не рабіць высновы на падставе чужых камэнтароў. (Севярын меў на ўвазе распаўсюджаны расейскай Дзяржаўнай думаю прэсавы рэліз пасьля ягонае сустрэчы ў Маскве з Генадзем Селязьнёвым.) І трэцяе, Севярын запэўніў у тым, што міжнародная супольнасьць ня будзе аказваць аніякага ціску на апазыцыю з мэтаю падштурхнуць яе да ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах. Апошняе выказваньне й стала штурком для прысутных, каб выказаць свае адносіны да маючых адбыцца выбараў. Палітычная апазыцыя ня хоча ўдзельнічаць у выбарчым фарсе. Найбольш яскрава гэтую пазыцыю выклаў Вінцук Вячорка: (Вячорка: ) «Мы разумеем, што найлепш і найпрасьцей мяняць лёсы краіны мірным і цывілізаваным шляхам. Выбраўшыся ў паўнавартасны парлямант. Сёньня ж варункаў для дэмакратычных выбараў няма. Ані заканадаўчых, ані інфармацыйных. Няма дэмакратычных і індывідуальных свабодаў. Таму згода ўдзельнічаць у выбарах у любых варунках азначае згоду ўзаконіць антынезалежніцкі сцэнар. Гэта значыць, адбываецца легітымізацыя псэўдапарляманту. Аўтаматычна адбываецца міжнароднае праўнае прызнаньне ўсяго, што было з Расеяй панападпісвана. І ўсё наступнае, што Пуцін навяжа Беларусі». Толькі Лібэральна-Дэмакратычная партыя, якая хоць і прыпыніла свой удзел у Кансультацыйнай радзе, але з дазволу іншых партыяў ейны лідэр Сяргей Гайдукевіч і два ягоныя намесьнікі прысутнічалі на сёньняшняй сустрэчы, заявіла, што дасьць бой цяперашняму рэжыму ўсюды, уключаючы парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары. Надзвычай важнымі былі тэмы, узьнятыя сёньня Анатолем Лябедзькам, Вінцуком Вячоркам і Ўладзімерам Нісьцюком. Яны казалі пра тое, што чатыры добра ўсім вядомыя ўмовы прызнаньня выбараў дэмакратычнымі павінныя базавацца на пятай умове – рэальных перамовах апазыцыі і ўладаў, якія на сёньняшні дзень фактычна не распачыналіся. У сувязі з гэтым была выказаная наступная прапанова – адвесьці пэўны тэрмін, каб пераканацца, ці пачнуць улады нарэшце выконваць свае забавязаньні. Але гэта можа перашкодзіць правядзеньню парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку. Таму Вінцук Вячорка й прапанаваў адтэрмінаваць выбары. (Вячорка: ) «Сапраўды, я абсалютна не разумею…Калі нас прысьпешваюць – хутчэй, хутчэй… Пагаджайцеся на нешта, у кастрычніку выбары. Калі сапраўды эўрапейскі пасярэднік думае пра разьвязаньне беларускай праблемы дэмакратычным шляхам, праз дэмакратычныя выбары, дык трэба, каб не адбыўся фарс, які вельмі абцяжарыць пераход да дэмакратычных выбараў бязь нейкіх радыкальных зьменаў у Беларусі. Таму выконваюцца 4 варункі, пасьля нейкі тэрмін. Пажадана паўгоду, а пасьля выбары. Бо выбары – гэта ж ня толькі працэдура і сам дзень. Гэта – кантэкст». Цікава, што прадстаўнік Эўрапарлямэнту Ян Вірсма, які таксама ўдзельнічаў у размове, у пэўным сэнсе пагадзіўся з такой прапановаю. На ягоную думку, калі спатрэбіцца шмат часу для рэалізацыі чатырох умоваў, дык можна разглядаць нават магчымасьць адтэрміноўкі выбараў. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |