RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 20 Чэрвеня 2000

Сёньня



У Менску побач зь пляцам Незалежнасьці, у Ленінградзкім завулку, актывісты Аб’яднанае Грамадзянскае партыі правялі несанкцыяваны пікет у падтрымку свабоды мітынгаў і сходаў.

Сёньня чацьвёра актывістаў менскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанае Грамадзянскае партыі дзьве гадзіны прастаялі ў несанкцыяваным пікеце побач з гарадзкім выканкамам ля пляцу Незалежнасьці. Яны пратэставалі супраць дзеяньняў гарадзкіх уладаў, якія абмяжоўваюць свабоду пікетаваньня ў Менску. Міліцыянты адразу папярэдзілі пікетоўцаў, што затрымаюць іх, як толькі яны разгорнуць свае плякаты. Аднак гэта пікетоўцаў не запалохала.Людміла Бажок кажа:

(Бажок: ) “Я ж не свавольнічаю, я ж не буяню. Чаму я не магу пастаяць з плякатам і сказаць. Гарвыканкам дазваляе правядзеньне пікета нейкаму камуністу каля амэрыканскае амбасады. Ім можна праводзіць пікеты, а нам – “Усе на плошчу Бангалор”. Я ж ня выгульваю сабаку”.

Гэта была адна з удзельніцаў сёньняшняга пікету актывістка АГП Людміла Бажок. Разам зь ёй, з плякатамі “Патрабуем свабоды сходаў і пікетаў” да з заклікам да чыноўнікаў паважаць закон, з поўнай упэўненасьцю, што іх вось-вось затрымаюць, сталі ў пікет пэнсіянэры Галіна Ганчарык, Аляксей Радзівонаў і намесьнік гарадзкой арганізацыі АГП, заяўнік акцыі Ўладзімер Раманоўскі. Вось што ён сказаў “Радыё Свабода” пра прычыны акыці.

“Гэты пікет суправаджае наш зварот у Маскоўскі суд на Менскі гарадзкі выканкам, які не дазваляе праводзіць пікеты ў горадзе, акрамя як на пляцы Бангалёр, дзе менчукі выгульваюць сабак. Там і мітынгі праводзіць нязручна, а пікетаваць там увогуле няма сэнсу, бо там няма публікі”, – патлумачыў Уладзімер Раманоўскі.

Паводле ягоных словаў, больш чым у ста выпадках Менскі гарадзкі выканкам адмаўляў АГП праводзіць пікеты, што асабіста Раманоўскі лічыць праяваю “чырвонага тэрору”, паколькі адмовы апазыцыянэрам дае сакратар камуністычнае партыі, намесьнік старшыні гарадзкога выканкаму Чыкін.

“Мы лічым, што гэтая краіна завязла ў ілжы й беззаконьні і робіцца гэта, дзякуючы наяўнасьці выканаўцаў, кшталту нашага выканкаму”, – кажа актывіст АГП Раманоўскі.

Дарэчы, ён ня лічыць, што сёньняшнім пікетам парушае закон, бо, паводле ягоных словаў, Віктар Чыкін у сваім адказе на заяўку ня даў дазволу, але й не адмовіў арганізатарам пікету. А пікетоўцы ўпершыню ў сваёй практыцы ў заяўцы не прасілі дазволу на пікет, а толькі інфармавалі ўлады гораду.

Магчыма, што гэтая тактыка паставіла ў тупік ахоўнікаў парадку, таму што на вуліцы яны так і не адважыліся затрымаць пікетоўцаў. Затое запрасілі арганізатара пікету пасьля завяршэньня акцыі зайсьці “на размову” ў аддзел міліцыі.

Сам Уладзімер Раманоўскі лічыць, што рэпрэсіі супраць яго будуць скарыстаныя, але пазьней, пасьля таго, як зь Менску зьедуць назіральнікі АБСЭ.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org