RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 19 Чэрвеня 2000

Сёньня



На Полаччыне склалася крытычная сытуацыя з набыцьцём кармоў для грамадзкага статку...

У зьвязку з гэтым тамтэйшы гарвыканкам выдаў дырэктыву, у якой за гаспадаркамі раёну замацоўваюцца гарадзкія прадпрыемствы і ўстановы, якія мусяць забясьпечыць корманарыхтоўчы працэс. Пры гэтым кожны работнік абавязаны нарыхтаваць 300 кіляграмаў сена.

Крытычная сытуацыя з нарыхтоўкай кармоў для калгасаў і саўгасаў складваецца кожнае лета, пачынаючы ад таго дня, калі калгасы і саўгасы былі арганізаваныя. Тое, што назіраецца ў апошнія гады, інакш, як развалам сельскай гаспадаркі, не назавеш.

Летась кармы, паводле афіцыйнай вэрсіі, перашкодзіла назапасіць засушлівае. Сёлета, хаця травастой і высокі, касіць траву на вёсцы няма чым і няма каму. І калі дагэтуль складанасьці з нарыхтоўкай кармоў зьвязваліся з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я, дык цяпер ва ўзгаданай дырэктыве называюцца матар’яльныя прычыны: зношанасьць тэхнікі, недахоп працоўных рэсурсаў і адсутнасьць паліва.

З гэтых прычынаў, паводле стану на 15-га чэрвеня, 14 гаспадарак раёну скасілі травы ў першы ўкос менш як 10 працэнтаў ад заплянаванага. А некаторыя гаспадаркі казьбу ўвогуле не пачыналі. Наагул у Полацкім раёне гэтая лічба складае 12 адсоткаў.

Пры такіх тэмпах нарыхтоўкі грамадзкі статак будзе асуджаны на бяскорміцу, як гэта было мінулае зімы. Тады кароваў ратавала салома, прывезеная з Гарадзенскай вобласьці. Прычым для гэтай мэты былі мабілізаваныя ўсе наяўныя грашовыя сродкі.

Мясцовая газэта “Полацкі весьнік” паведаміла, што, паводле разьлікаў, за грошы, якія былі выдаткаваныя на давоз кармоў, можна было набыць 68 трактараў.

Сёлета ў гаспадарках няма паліва ня тое што на завоз саломы зь іншых рэгіёнаў краіны, але і на падвоз кармоў да фэрмаў. І гэта, зазначым, адбываецца ў раёне, дзе месьціцца буйнейшы ў Эўропе нафтаперапрацоўчы комплекс.

У такой сытуацыі кіраўнікі некаторых гаспадарак не знайшлі лепшага, як вывесьці статак і маладняк на пашу, дзе ён і пасьвіцца круглыя содні.

Падобныя падыход зьдзяйсьняюць гаспадаркі ўсьлед за наватарам – калгасам “Радзіма”, які першы выгнаў статак на пашу. Ладзяцца выяздныя нарады і калегіі. Паведамляецца, што пры падобным утрыманьні прывагі маладняку складаюць у сярэднім 500 грамаў за содні.

Тым часам з асартымэнту харчовых крамаў Полацку і Наваполацку зьнікаюць харчовыя прадукты мясцовай вытворчасьці. Нават малако бывае ня кожнага дня, і якасьць яго не найлепшая.

Крамныя паліцы апаноўваюць тавары расейскай вытворчасьці, якія часам задарагія для жыхароў раёну.

Вінцэсь Мудроў, Полацак


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org