RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 19 Чэрвеня 2000

Сёньня:



Кожны панядзелак, чацьвер і суботу Аляксандар Лукашэнка ўвечары гуляе ў хакэй. Паводле словаў дырэктара Менскага палацу спорту Мікалая Фралова, гэта самыя клопатныя гадзіны для супрацоўнікаў галоўнай спартовай арэны Беларусі.

Тры разы на тыдзень, пачынаючы зь 5-й гадзіны ўвечары, у Менскім палацы спорту гаспадарыць служба аховы Лукашэнкі. Хлопцы ў чорным ходзяць па кабінэтах, не зважаючы на тое, што гэтым замінаюць працаваць. Кожны мэтар тэрыторыі правяраецца на прадмет чысьціні ад выбуховых прыстасаваньняў ды ўласна зламысьнікаў. Бліжэй да 18:30 ўсе пад’езды да лядовае пляцоўкі блякуюцца, бо прыблізна праз паўгадзіны на праспэкце Машэрава мусіць зьявіцца браняваны “Мэрсэдэс” Лукашэнкі. Тым часам ахоўнікі займаюць стратэгічныя пазыцыі, і амаль да 10-й вечара Палац спорту застаецца зачыненай зонаю.

А яшчэ за гадзіну да зьяўленьня галоўнага хакэіста краіны зьбіраюцца ягоныя партнэры па гульні. Гэта памочнік Лукашэнкі ў справах спорту і капітан хакэйнае каманды чыноўнікаў Цяцерын, міністар спорту Варсін, адзін з трэнэраў нацыянальнае хакэйнае зборнай Захараў, віца-прэзыдэнт фэдэрацыі футболу Курбыка, прэзыдэнт фірмы “Трайпл” Чыж ды іншыя. Сёньня яны выглядаюць вельмі напружанымі, бо ў папярэднім матчы неяк неабачліва абгулялі самога Лукашэнку. Дакладна вядома, што паразу на пляцоўцы ён успрымае гэтак жа балюча, як і маршы апазыцыі. Яшчэ кажуць, што свае самыя неверагодныя дэкрэты Лукашэнка выдаваў якраз пасьля няўдалых гульняў.

Нешта дакладна сьцьвярджаць у гэтай справе цяжка, бо трапіць на матчы ў якасьці заўзятара немагчыма. Лукашэнка асабіста распарадзіўся, каб нікога “лішняга” на трыбунах не было. Ды й наўрад ці ён пацярпеў бы, каб яго нехта абсьвістаў. Пад час гульні да лініі аховы дапускаюць толькі дырэктара Палацу спорту. Не ў якасьці гледача, а каб аддаць яму загады ў адпаведнасьці з сытуацыяй.

Дырэктар Палацу спорту Мікалай Фралоў скардзіцца, што горш за ўсё, калі даводзіцца кідаць усе справы й нешта сьпешна рабіць да прыезду высокіх гульцоў. Напрыклад, сёньня патэлефанавалі са службы аховы Лукашэнкі й загадалі нанава заасфальтаваць дарогу да лядовае пляцоўкі. Напярэдадні прыйшоў загад усталяваць дадатковую сыстэму кандыцыяваньня, бо Лукашэнка ў запале гульні моцна пацее. Кожны дзень адмысловая каманда шліфуе лядовае пакрыцьцё для галоўнага хакэіста краіны…

Але, паколькі Палац спорту зьяўляецца арганізацыяй “на гаспадарчым разьліку”, сродкі на такія прыхамаці даводзіцца выдаткоўваць з уласнага бюджэту. А гэта адчувальна, бо грошай не хапае нават на просты рамонт. Пасьля 35 гадоў эксплюатацыі абсталяваньне патрабуе сур’ёзнай абновы.

Я паспачуваў дырэктару, узгадаўшы час, калі Лукашэнка захапляўся вялікім тэнісам, а Палац спорту, на шчасьце адміністрацыі, корты так і не займеў. На што дырэктар адказаў: “Мы былі шчасьлівыя, калі прэзыдэнт займаўся тэнісам. Але тэніс – гульня індывідуальная. А наш прэзыдэнт любіць быць у цэнтры калектыўнае ўвагі”.

Ігар Карней, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org