RFE/RL |
Панядзелак, 19 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Палітоляг Валеры Карбалевіч камэнтаруе міжнародны фон візыту эўрапейскай “тройкі” ў Беларусь… Міжнародным фонам візыту прадстаўнікоў Захаду зьўяецца абвастрэньне супярэчнасьцяў сярод палітычных сілаў Захаду ў беларускім пытаньні. З аднаго боку – рэзкая рэзалюцыя Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША на конт сытуацыі ў Беларусі. З другога боку – заява Адрыяна Севярына пад час сустрэчы са сьпікерам Дзярждумы Расеі Селязьнёва, што апазыцыі трэба йсьці на выбары, нават калі ўлады не выканалі папярэднія ўмовы. Сам факт ператварэньня “тройкі” ў “двойку”, адсутнасьць у складзе дэлегацыі прадстаўніка Рады Эўропы – падштурхоўваюць да думкі пра наяўнасьць рознагалосься на Захадзе. Пра настрой на кампраміс з рэжымам. Гэта сьведчыць сустрэча эўрапейскіх пасланцоў з прадстаўнікамі так званага грамадзкага дыялёгу. На Захадзе, відаць, успрымаюць гэтую палітычную кампанію ўсур’ёз. І гатовыя яе прыняць за крокі да вырашэньня канстытуцыйнага крызісу. Дэлегацыя сустракаецца з амбасадарам Расеі ў Беларусі. Захад намагаецца падключыць Расею да вырашэньня беларускай праблемы. Мне падаецца, што зьяўленьне расейскага фактару будзе не на карысьць апазыцыі. Гэта азначае, што ў беларускай палітыцы Захаду перамагае не амэрыканскі, а больш кампрамісны эўрапейскі варыянт вырашэньня беларускага крызісу. Гэта зразумела: часу да парляманцкіх выбараў застаецца мала, і эўрапейскай дыпляматыі ня хочацца канстатаваць паразы ў беларускім пытаньні. Валеры Карбалевіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |