RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 19 Чэрвеня 2000

Сёньня



Палітоляг Валеры Карбалевіч камэнтаруе кадравыя перастаноўкі ў кіраўніцтве Беларусі…

(Карэспандэнт: ) “Спадар Карбалевіч, кожнае з гэтых звальненьняў, перастановак, прызначэньняў само па сабе не выглядае сэнсацыяй, але ўсё разам гэта выглядае як сыстэма. На Вашую думку, ці ёсьць у гэтых кадравых рашэньнях нейкая сыстэма, якія прычыны гэтых кадравых перастановак?”

(Карбалевіч: ) “Я думаю, што прычыны гэтых кадравых перастановак заключаюцца ў тым, што краіна ўступае ў новы этап палітычнай гісторыі. Этап пачатку перадвыбарчай кампаніі і барацьбы. Я маю на ўвазе парляманцкія і прэзыдэнцкія выбары. У гэтым сэнсе фігура Замяталіна – знакавая фігура. Вядома, што Замяталін, які цяпер прызначаны першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта – гэта спэцыяліст у псыхалягічнай вайне, у палітычных правакацыях. Ну, неабходна адзначыць, што Замяталін – ідэоляг пан-славізму. Ідэя заваёвы Лукашэнкам крамлёўскага пасаду была адной з галоўных кірункаў дзейнасьць Замяталіна. Мы памятаем, што Русакевіч, які займаў пасаду першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі, ачольваў так званы грамадзкі дыялёг. Трэба разумець, што зараз гэтая функцыя пяройдзе да Замяталіна. Што будзе азначаць, на мой погляд, узмацненьне дэмагагічных акцэнтаў у дыялёгу, узмацненьне атакаў супраць апазыцыі. Я думаю, што пачаткам перадвыбарчай кампаніі трэба бачыць новую пасаду Замяталіна…”

(Карэспандэнт: ) “Вы ўзгадалі здольнасьці Замяталіна. А як патлумачыць адстаўку Пласкавіцкага, які вызначыўся ў часе рэфэрэндуму 1996 году, які вельмі актыўна прапагандысцкі і ў юрыдычным пляне адстойваў ідэю рэфэрэндуму. Ідэю вэртыкалі… Чым гэта патлумачыць?”

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, Пласкавіцкі – рэдкі дэмагог, які мог з выкарыстаньнем юрыдычнай тэрміналёгіі апраўдаць любыя, самыя абсурдныя з пункту гледжаньня права дэкрэты й указы Лукашэнкі. Я думаю, тут трэба шукаць не палітычныя прычыны. Тут прычыны асабістыя. Супрацьстаяньне нейкіх клянаў унутры адміністрацыі. Цікава тое, што Пласкавіцкі адважыўся на публічную ацэнку сытуацыі. Няхай асьцярожную ацэнку, але ж… Гэта цікава. Думаю, тут трэба шукаць не палітычныя, а нейкія асабістыя фактары”.

(Карэспандэнт: ) “Яшчэ адна асоба, якую мы пакуль што не закраналі – Булахаў, які стаў першым намесьнікам старшыні Выканаўчага камітэту СНД. Як Вы думаеце: вяртаньне Булахава ў палітыку, у міжнародную палітыку – гэта нейкі сымптом, сыгнал?”

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, тут мы маем справу зь вяртаньнем. Гэта па-першае. Па-другое, Булахаў заняў пасаду не ў беларускім палітычным асяродзьдзі. СНД – гэта ўсё ж міжнародная структура. Гэта трэба ўлічваць. І далей, мы можам сказаць, што СНД – структура малапэрспэктыўная, а Булахаў – з катэгорыі палітыкаў дастаткова таленавітых, пэрспэктыўных. Яго можна адзначыць як асобу ў палітыцы. З катэгорыі такіх палітыкаў у камандзе Лукашэнкі амаль нікога не засталося. Магчыма, што гэта нейкі трамплін. Людзі тыпу Булахава зноўку запатрабаваныя Лукашэнку і ягонай адміністрацыі напярэдадні важных палітычных працэсаў, прэзыдэнцкай кампаніі”.

Гутарыў Віталь Тарас


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org