RFE/RL |
Панядзелак, 19 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Адміністрацыя прэзыдэнта Клінтана абмяркоўвае зь некаторымі сваімі натаўскімі саюзьнікамі і Расеяй магчымасць добраахвотнай адстаўкі прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча ў адказ на гарантыі асабістай і фінансавай бяспекі. Гэткую сэнсацыйную інфармацыю зьмясьціла на сваіх старонках газэта “Іnternational Herald Tribune”… Інфармацыю на гэтую тэму “Іnternational Herald Tribune” атрымала ад неназваных высокапастаўленых амэрыканскіх і натаўскіх чыноўнікаў. На думку аднаго з іх, у гэтай справе пакуль што вядуцца дfлікатныя і неафіцыйныя перамовы, але адміністрацыя прэзыдэнта Клінтана не зьбіраецца рабіць і ня зробіць Мілошавічу, якога абвінавачваюць у ваенных злачынствах у Косаве, нейкай прапановы. Аднак, газэта цытуе на сваіх старонках іншага супрацоўніка амэрыканскай адміністрацыі: “Калі перад намі зьявіцца пэрспэктыва эфэктыўнага і хуткага адхіленьня Мілошавіча ад улады, трэба вельмі моцна падумаць перад тым, як сказаць “не”. Яшчэ адзін чыноўнік, паводле інфармацыі “Іnternational Herald Tribune”, лічыць, што Злучаныя Штаты Амэрыкі выступаюць за тое, каб дазволіць Мілошавічу свабодны выязд толькі ў адным кірунку – у Міжнародны трыбунал у Гаазе. Гэта афіцыйная палітыка. Але ці будзе Амэрыка дзейнічаць супроць, ці моўчкі згодзіцца на свабодны выезд Мілошавіча. Гэта ўжо іншае пытаньне. Адміністрацыі прэзыдэнта Клінтана засталося яшчэ 6 месяцаў кіраваць краінай. Пазбаўленьне Мілошавіча ўлады – адзін з галоўных прыярытэтаў яе замежнай палітыкі. У Вашынгтоне Мілошавіча разглядаюць у якасьці галоўнай перашкоды на шляху дэмакратызацыі і стабільнасьці Паўднёва-ўсходняй Эўропы і Балканаў. Дзяржаўны сакратар ЗША Мэдлін Олбрайт нядаўна заявіла, што яна хоча пазбавіць Мілошавіча ўлады перад тым, як пакіне сваю пасаду. Прэзыдэнт Клінтан абмяркоўваў будучыню Мілошавіча з прэзыдэнтам Расеі Пуціным на іх нядаўнім саміце ў Маскве. Паводле інфармацыі з расейскіх крыніцаў, “Іnternational Herald Tribune” сьцвярджае, Пуцін заявіў Клінтану падчас перамоваў, што Маямі такое ж добрае месца для Мілошавіча, як і Масква. Натаўскія крыніцы паінфармавалі газэту “Іnternational Herald Tribune”, што сам Мілошавіч накіроўвае ў Вашынгтон апошнім часам сваіх эмісараў. Праўда, цяжка вызначыць, якія яны маюць паўнамоцтвы, і ці МІлошавіч зацікаўлены ва ўгодзе. На думку амэрыканцаў, магчыма Мілошавіч папросту намацвае глебу. У якасьці пасярэдніка ў кантактах з Мілошавічам, “Іnternational Herald Tribune” лічыць, маглі б выступіць улады Грэцыі. Праваслаўная Грэцыя мае блізкія кантакты з сэрбамі, яна пастаўляла туды гуманітарную дапамогу нават падчас паветранай вайны ў Косаве і не аднойчы ўжо выступала ў якасьці пасярэдніка ў кантактах паміж Белградам і НАТА. У мінулым месяцы Мілошавіч сустрэўся ў Белградзе з былым міністрам замежных справаў Грэцыі Кароласам Папуліасам, а таксама з групай уплывовыз грэцкіх бізнэсоўцаў, сярод якіх былі і тыя, хто мае цесныя адносіны са ЗША. Мілошавіч, камэнтуе “Іnternational Herald Tribune”, аточаны ў сваёй уласнай краіне. З кожным днём ягоная папулярнасць падае, паглыбляецца эканамічны крызіс, але сэрбская апазыцыя слабая, у краіне няма пагрозы народнага паўстаньня. Армія і паліцыя не разваліліся. Расея і Кітай, якія выступалі супроць апэрацыі НАТО ў Косаве, маюць свае інтарэсы ў Сэрбіі і выказваюць гатовасць дапамагчы МІлошавічу і ягонаму ўраду крэдытамі, пазыкамі і пастаўкамі энэрганосьбітаў. Але разам з тым у паводзінах Мілошавіча зьўляецца ўсё больш і больш нэрвовасьці. Ён мала паказваецца на людзях, у краіне высьпявае ў сувязі з недахопам зерня, харчовы крызіс, узмацняюцца паволі пазыцыі сэрбскай апазыцыі, нягледзячы на непапулярнасьць яе лідараў. Міжнародныя санкцыі супроць Югаславіі, піша“Іnternational Herald Tribune”, з кожным днём робяцца лепш і лепш скаардынаванымі. На мінулым тыдні, як стала вядома, Кіпр, які быў да апошняга часу ідэальным месцам для сэрбскіх фінансавых апэрацыяў і адмываньня сэрбскіх “чорных” грошай, згадзіўся зачыніць прадстаўніцтва Белградскага банку на падставе тэхнічных прычынаў. Яшчэ адной адзнакай таго, што Мілошавіч шукае магчымасьці бяспечнага адыходу ад улады, зьяўляецца факт падарожжаў ягонага сына Марко за мяжу. Марко Мілошавіч унесены ў сьпіс пэрсонаў “нон-грата”, якім забаронены ўезд у Эўрапейскі Зьвяз. Але нядаўна яго бачылі ў Грэцыі, куды ён прыехаў па югаслаўскаму дыплёматычнаму пашпарту, выпісанаму на чужое ймя. Цяпер ён, праўдападобна, знаходзіцца ў Японіі на шляху ў Кітай. Мікола Іваноў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |