RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 19 Чэрвеня 2000

Сёньня



Высновы навуковага камітэту ААН у вывучэньні эфэкту атамнае радыяцыі наконт наступстваў Чарнобыльскае катастрофы камэнтуе старшыня фонду “Дзеці Чарнобыля” Генадзь Грушавы…

Прэзыдэнт фонду “Дзеці Чарнобыля” Генадзь Грушавы ў сваім камэнтары да дакладу навуковага камітэту ААН падкрэсьліў, што гэтая ААН’аўская ўстанова абапіраецца ў сваіх дасьледваньнях на стандарты ядравае бясьпекі, усталяваныя Міжнароднай агэнцыяй атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ).

Такім чынам, – лічыць Грушавы, – адна ўстанова абараняе інтарэсы другой, зусім не зацікаўленай у тым, каб сьвет даведаўся пра сапраўдныя наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС…

(Грушавы: ) “Гэта азначае, што ўсе навуковыя дасьледаваньні фінансуюцца, падпарадкоўваюцца стратэгічным тэхналёгіям, якія напрацаваныя ядзерным лёбі”.

Прафэсар Грушавы сьцьвярджае, што ў сьвеце існуе падзел паміж навукоўцамі на тых, якія падтрымліваюць пазыцыю МАГАТЭ і ядравага лёбі наконт нязначнасьці наступстваў Чарнобыльскае катастрофы, і тых, хто адстойвае іншы пункт гледжаньня. Сярод гэтае плыні пераважна навукоўцы зь Беларусі, Украіны, Расеі ды іншых краінаў СНД, але далучыліся да іх і многія заходнеэўрапейскія спэцыялісты.

(Грушавы: ) “Напрыклад, прафэсар Коляйн – старшыня Камітэту радыяцыйнай бясьпекі Нямеччыны – неаднойчы афіцыйна заяўляў, друкаваў вынікі сваіх навуковых дасьледаваньняў пра тое, насколькі небясьпечна ўзьдзеяньне малых доз радыяцыі на здароўе чалавека”.

Асабліва абураецца прафэсар Грушавы той часткаю дакладу камітэту ААН, у якой уплыў Чарнобылю на агульны радыяцыйны фон ацэньваецца як мізэрны ў параўнаньні зь іншымі фактарамі, і на гэтай падставе робіцца выснова, што Чарнобыль для сьвету не ўяўляе небясьпекі.

(Грушавы: ) “Гэта прыкладна так: калі ў аднаго чалавека тэмпэратура 40 градусаў, а ў тысячы – 36.5, то фундамэнтальна сярэднестатыстычная тэмпература –36.5.1. А тое, што адзін памірае, гэтага статыстычная мэтода ня ўлічвае. Канкрэтныя крокі не цікавяць. Тое, што адбываецца на тэрыторыі Нароўлі, напрыклад, ці вёскі Баравая. Усё абагульняецца, туды далучаюцца тысячы і тысячы вёсак, у якіх сытуацыя іншая. Вось і атрымліваецца – на тысячную долю працэнта падвысілася небясьпекі. Калі ж мы будзем гэта ўлічваць ня ў межах 100 тысячаў чалавек, якія жывуць на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы, а ў межах 100 тысячаў, якія жывуць на тэрыторыі Гомельскай вобласьці, гэта будуць лічбы ў тысячы разоў іншыя”.

Ацэньваючы даклад навуковага камітэту ААН Генадзь Грушавы зьвяртае ўвагу на тое, што можа адбыцца ў будучыні, калі й Беларусь будзе пагаджацца з такімі ацэнкамі ААН’аўскіх спэцыялістаў…

(Грушавы: ) “Гэта гульня, якая, я думаю, наўмысна вядзецца, каб адчыніць шлях да разьвіцьця атамнай энэргетыкі надалей”.

Прэзыдэнт фонду “Дзеці Чарнобыля” Генадзь Грушавы не выключае, што гэтая ідэялягічная падрыхтоўка для будаўніцтва ў Беларусі атамных станцыяў і сховішчаў радыяцыйных адкідаў.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org