RFE/RL |
Панядзелак, 19 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
(Эфір 17 чэрвеня) Працэс у справе маёмасьці экс-міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава зноў адкладзены. Дачка Лявонава Сьвятлана Ўласава не выключае, што судзьдзі чакаюць на загаду зьверху… Заявы беларускага кіраўніцтва наконт тэрмінаў увядзеньня новага крымінальнага кодэксу, ставяць крыж на спадзяваньнях Зоі Кудзінавай ужо ў гэтым годзе ўбачыць свайго мужа дэпутата Ўладзімера Кудзінава. Міхаіл Чыгір пачаў азнаямленьне з пратаколам працэсу, па якім ён быў асуджаны да трох гадоў турмы з адтэрміноўкай… У Менскім раённым судзе павінен быў прагучаць вэрдыкт, які вырашыць лёс маёмасьці былога міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава. Паседжаньня аднак не адбылося. Судзьдзя абвесьціў, што яшчэ не атрыманыя ўсе неабходныя паперы і перанёс агалаэньне рашэньня па дыскусіях Лявонава на нявызначаны тэрмін, прыблізна на апошнія дні чэрвеня. Дачка Лявонава Сьвятлана Ўласава, камэнтуючы гэткі вынік не хавала разгубленасьці: (Уласава: ) “Я ня ведаю, я нічому не дзіўлюся. Ня ведаю, чаму ўсё так атрымоўваецца з нашай маёмасьцю, мусіць нечага чакаюць”. Сьвятлана Ўласава разьлічвае праз суд даказаць свае правы на частку канфіскаванага дому ў Шчомысьліцы пад Менскам, дзе да арышту жыла дачка экс-міністра. Уласава разам з мужам даказвае, што будавала гэты дом разам з Васілём Лявонавым і таму маюць правы на сваю долю маёмасьці. Паводле дачкі экс-міністра, яна прад’явіла суду дастаткова доказаў на карысьць пазову, але вось ужо больш за месяц суд ня можа вызначыцца ў гэтай справе. Адносна свайго бацькі, які вось ужо трэці год знаходзіцца ў вязьніцы, Сьвятлана Ўласава паведаміла наступнае: (Уласава: ) “Быў ліст, дзе ён ня скардзіцца на здароў’е, на ежу. Мусіць яму й дрэнна там было,але ён ня будзе пісаць”. У сумным настроі я знайшоў жонку дэпутата Кудзінава Зою. Паводле ранейшых яе чаканьняў, у пачатку будучага месяцу павінен быў уводзіцца новы крымінальны кодэкс, які адчыняў для Ўладзімера магчымасьці ранейшага выхаду на волю. Гэтак казалі прадстаўнікі ўлады, аднак з гэтымі спадзяваньнямі Зоі Кудзінавай прыйшлося разьвітацца, калі яна даведалася пра вынікі панядзелкавай нарады Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі праваахоўчай сыстэмы. Чыноўнікі пачалі скардзіцца, што не пасьпяваюць прыстасавацца да новага кодэксу, і Лукашэнка пайшоў сваім падначаленым насустрач – распарадзіўся ўвесьці кодэкс не раней за 1 студзеня будучага году. Зоя Кудзінава з гэтае прычыны згадвае: (Кудзінава: ) “І Глухоўскі ва ўсіх формах абяцаў, што пасьля першага ліпеня Кудзінаў будзе дома. Аднак, ці ўвядзецца кодэкс пасьля першага студзеня? У ліпені таго года ён ужо быў зарэгістраваны ў міністэрстве юстыцыі. Цяпер улады кажуць, што пракуратура не гатовая выконваць гэтага кодэксу. Няўжо за год нельга было вывучыць яго. Для іх ілгаць, гэта тое, што ў адно месца схадзіць”. Дарэчы, адкладаньне ўвядзеньня новага кодэксу ставіць крыж на надзеях яшчэ соцень былых бізнэсоўцаў, асуджаных за так званыя эканамічныя злачынствы. Паводле новага кодэксу, гэтыя злачынствы ня лічацца такімі цяжкімі. Асуджаныя мелі б магчымасьць раней выйсьці з-за кратаў, але іх чаканьні волі працягваюцца. Дарэчы, праходзяць гэтыя чаканьні ў вельмі цяжкіх умовах, фактычна памежных з катаваньнем. Вось, напрыклад, што распавяла Зоя Кудзінава, пра тое, як кормяць вязьняў менскае калёніі, дзе сядзіць Уладзімер Кудзінаў: (Кудзінава: ) “Ён мне так казаў, што на сьняданак з ранку каша ячневая напалову з вадой, гарбаты не даюць і кавалак хлеба. На абед зноў нейкі суп зь ячневай крупой, ці нейкі боршч са сьвежае капусты, дзе плавае адзін альбо два лісты капусты. На другое таксама ячневая каша і ўвечары яна ж таксама. Аднойчы давалі гнілыя гуркі”. Яшчэ з навінаў тыдня адзначу зьвесткі пра Андрэя Клімава, Міхаіла Чыгіра і Васіля Старавойтава. Дэпутата Клімава днямі наведала ў ізалятары жонка Тацяна, якая кажа, што Клімаў адчувае сябе зараз нядрэнна. Ён працягвае лячэньне ад цукровага дыябету, які абвастрыўся ў турме пасьля леташняга зьбіцьця вартаўнікамі. Канчатковы варыянт касацыйнай скаргі на вынесены Клімаву прысуд яшчэ не напісаны. Міхаіл Чыгір пачаў азнаямленьне з пратаколам свайго працэсу. Бяз гэтага таксама немагчыма скласьці канчатковую касацыю. Яшчэ навіна ад былога экс-прэм’ера – ён уладкаваўся на працу ў беларускую камэрцыйную фірму, што, пагадзіцеся, цяпер і ў ягонай сытуацыі - справа нялёгкая. А пра Васіля Старавойтава навіна таксама прыемная. Ён адзначыў 76-годьдзе. Людзі, што віншавалі старшыню легендарнага “Расьсьвета” і нядаўняга вязьня Аршанскай калёніі, кажуць, што Старавойтаў у бадзёрым і нават баявым настроі, чаго яму варта пажадаць і на далейшае доўгае жыцьцё. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |