RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 19 Чэрвеня 2000

Сёньня



У мінулую пятніцу са сьледчага ізалятара МУС Расеі “Бутыркі” пад падпіску аб нявыезьдзе быў вызвалены з-пад варты кіраўнік кампаніі МЭДЫЯ-МОСТ Уладзімір Гусінскі. Чарговая сутычка улады і грамадзства ў Расеі скончалася безь пераможаных…

Часам у Беларусі і ў іншых краінах, што патрапілі ў пастку дыктатуры, можна пачуць спрэчкі: калі лідэр захацеў быць дыктатарам, зь якого моманту стаў ім? У гэтых спрэчках забываецца галоўнае: што гэта залежыць ня толькі ад памкненьняў самога лідэра, але і ад здольнасьці ці няздольнасьці грамадзтва гэтым намерам супрацьстаяць.

Частка пытаньняў, якія горача абмяркоўваліся падчас утрыманьня мэдыя-магната ў Бутырках, падаюцца важнымі, але ўсе ж такі другаснымі. Напрыклад, ступень вінаватасьці сп. Гусінскага і юрыдычная абгрунтаванасьць дзеяньняў пракуратуры. Тое, што кіраўнік МЭДЫЯ-МАСТА – не анёл, відаць, даказваць ня трэба, але калі з усіх алігархаў - таксама не анёлаў, за краты трапляе адзіны, чые мэдыі жорстка крытыкуюць Крэмаль, вэрсія пра палітычныя матывы робіцца ці не аксіёмаю.

Яшчэ адзін цікавы аспэкт справы ўвасоблены ў пытаньні – ведаў Пуцін ці ня ведаў пра арышт, даваў санкцыю, ці не даваў. Па гэтым пытаньні і расейскія і заходнія выданьні, заходнія і расейскія палітыкі вылучалі розныя вэрсіі. Напрыклад, на думку The Wall Street Journal менавіта прэзыдэнт Расеі выкарыстаў практыку савецкіх часоў, надзяваючы на СМІ наморднік падчас кансалідацыі сваей улады.

Выданьне палічыла, што заява Пуціна у Мадрыдзе пра тое, што арышт Гусінскага быў для яго нечаканасьцю – ні што іншае, як падман. Іншыя выданьні, напрыклад, The New York Times, ня выключалі, што арышт алігарха быў часткаю гульні пэўных сілаў у Крамлі, якія вырашылі такім чынам адначасна і нэйтралізаваць уплывовага крытыка і скампрамэтаваць Пуціна ў вачах Захаду, звузіць калідор магчымасьцяў прэзыдэнта.

Некаторыя расейскія і заходнія выданьні называлі і імя натхняльніка акцыі – кіраўніка крамлёўскай адміністрацыі Аляксандра Валошына.
У Беларусі таксама раз ад разу ўзьнікаюць спрэчкі наконт таго, ці дае Лукашэнка санкцыі на пэўныя дзеяньні альбо яго “падстаўляюць” невядомыя інтрыганы.

Аднак як трапна заўважыў Леанід Іонін у газэце “Сегодня” , абмеркаваньне пытаньняў “ведаў - ня ведаў” – гэта мысленьне на узроўні 1937 году :“ведаў Сталін ці ня ведаў”. Іншыя аўтары адзначаюць , што яшчэ невядома, што горш: калі Пуцін нават ня здольны кіраваць сыстэмаю расправы з апанэнтамі, ці наадварот, калі ён гэтую сыстэму і ўзначальвае. Справа ў самой сыстэме.

Контуры гэтай сыстэмы набываюць усе больш пагрозьлівы характар. Аглядальнік газэты The New York Times Уільям Сэйфар распавядае, як падчас размовы зь ім адзін з кіраўнікоў МЭДЫЯ –МОСТу Ігар Малашэнка папрасіў яго ня толькі адключыць мабільны тэлефон, але і вынуць батарэйкі. Вялікі Брат глядзіць на цябе.

Усе гэта так, але найбольш важным падаецца тое, што ўся гэтая сыстэма ў справе Гусінскага атрымала відавочную паразу. Хто б ні даў каманду на арышт мэдыя-магната, ён наўрад ці мог меркаваць, якую рэакцыю гэта выкліча. Расейская эліта на момант забылася пра былыя канфлікты і кінулася абараняць Гусінскага, як саму сябе.

Былі задзейнічаныя ўсе інфармацыйныя каналы, адной з найбольш сур’ёзных акцыяў стала заява пра гатовасьць узяць Гусінскага на парукі, падпісаная найбольш уплывовымі бізнэсмэнамі Расеі. Дадатковы ціск на Крэмаль быў аказаны з боку Захаду, нават прэзыдэнт ЗША выступіў з адмысловай заяваю, адзначыўшы, што “ня варта арыштоўваць людзей толькі за тое, што яны гавораць, выконваючы ролю супрацоўнікаў прэсы”.

Што вельмі важна – хваля пратэстаў была палітычнай кампаніяй. Арганізатары арышту Гусінскага ў апошняю чаргу кіраваліся нянавісьцю да яго асабіста: мэты былі палітычныя - умацаваньне ўлады, запалохваньне грамадзства і мэдыяў.

Кампанія супраціву паставіла пад сумнеў дасягненьне ўладаю менавіта гэтых мэтаў. “Крэмль праіграе PR-кампанію” – канстатавала “Независимая газета” празь некалькі дзён пасля пачатку “бітвы за Гусінскага”. Нават Лукашэнка, абазнаны ў падобных камбінацыях , заўважыў, што Гусінскага, відаць, варта выпусьціць. Гледзячы па усім, тую ж выснову зрабілі і ў Крамлі: там падлічылі, што выдаткі ад утрыманьня Гусінскага у Бутырках значна перавышаюць задавальненьне ад гэтага відовішча і нават ад дэстабілізацыі кампаніі МЭДЫЯ-МОСТ.

Зразумела, у беларускай і расейскай сытуацыях есьць істотныя адрозьненьні. Як ні парадаксальна, Расея больш залежыць ад Захаду, у адрозненьні ад Лукашэнкі, над Пуціным няма нейкай звыш-Расеі , якая аплаціць выдаткі ягонага канфлікту з Захадам. У Расеі ёсьць людзі, структуры, якія ўплываюць на рашэньні, што прымае улада.

Але пры ўсіх адрозьненьнях вопыт карысны. На PR улады бывае PR грамадзства, на ўладныя хітрыкі - іншыя хітрыкі. Лукашэнка таксама не адразу стаў сучасным Лукашэнкам: ён адбіраў у грамадзства чарговы кавалак свабоды, глядзеў, ці сьцерпіць яно гэта. Пры станоўчам адказе ішоў далей.

Гэта, зразумела, ня значыць, што барацьба на гэтым і завершыцца, нават справа Гусінскага яшчэ далёка ня скончаная. Але новая расейская ўлада ўведала, што ёй ня ўсё дазволена.

Юры Дракахруст


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org