RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 16 Чэрвеня 2000

Сёньня



Па традыцыі, многія жыхары Лепельшчыны ў дзень Сьвятой Троіцы йдуць на могілкі, каб пакланіцца магілам продкаў, распавесьці нябожчыкам пра свае праблемы на гэтым сьвеце…

Сёньня на кірмашы адна прыгожая ружа вырабленая са штучнага матэрыялу каштуе ня меней за 1.000 рублёў. Не на шмат таньнейшія жывыя кветкі, ня кажучы пра вянкі, якія ў камбінаце бытавога абслугаваньня каштуюць ад пяці да трыццаці тысячаў рублёў.

 Жывыя ня могуць дарыць нябожчыкам такія каштоўныя падарункі. На фоне жабрацтва адбываюцца і крадзяжы на могілках. Крадуць ня толькі кветкі з шклянкі, пастаўленыя нябожчыкам, але нават і агароджы.

У жыхара вёскі Барсукі з магілы сына невядомыя вандалы нядаўна скралі агароджу, вырабленую з каляровага мэталу. Сельскія могілкі часьцей неабгароджаныя, ды захламленныя. Яны становяцца ахвярамі набегаў калгасных жывёлаў і закладнікамі бядноты мясцовых ворганаў улады.

Сельскія саветы, асабліва буйныя, на чыёй тэрыторыі знаходзіцца шмат пагостаў, ня маюць сродкаў для іх добрага упарадкаваньня. З раённага бюджэту для гэтых мэтаў не выдзяляецца ні капейкі, а сельсаветаўскіх грошай не хапае нават, каб добра упарадкаваць вуліцы, ці выкапаць студню, не да могілак.

Вельмі неахвотна ахвяруюць сяляне грошы мясцовым ворганам улады ў выглядзе падаткаў на добраўпарадкаваньне, які складае 20% мінімальнай зарплаты, бо людзі ня ведаюць, дакладна куды ідуць іхныя грошы, хаця і не вялікія, але зусім ня лішнія ў гаспадарцы.

Застаюцца занядбанымі тыя могілкі, што на відавоку дзеля дарог, не кажучы пра лясныя ці схаваныя за хвайнікамі. Ў вёсцы Вёндзілаўка, паблізу шашы Лепель-Ворша, на старых могілках не засталося месца для захаваньня, магілы капаюць на касьцях, няма каму бульдозэрам расчысьціць месца для новага пахаваньня, а старыя зараслі хмызам ды закіданыя сьмецьцем.

Тут ніколі не было агароджы, хаця часам побач пасьвяцца жывёлы. Адправіць нябожчыка у апошні шлях азначае для сялянскай гаспадаркі ледзьве не разбурэньне. Труна па дзяржаўных расцэнках каштуе каля 15.000 рублёў, а на калгасных піларамах часта не бывае сухіх дошак. Самы танны помнік з мармуровай крошкі абыдзецца каля 20.000 рублёў, дадайце сюды адзеньне для нябожчыка, ды памінальны стол. У той час як дзяржава зараз выдаткоўвывае на пахаваньне ўсяго каля 50.000 рублёў. Асноўны цяжар кладзецца на плечы родных і блізкіх нябожчыка

Міхась Валоха, Лепельшчына


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org