RFE/RL |
Пятніца, 16 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Адзін зь лідэраў сэрбскай апазыцыі Вук Драшкавіч быў паранены ўчора позна ўвечары ў выніку ўзброенага замаху. Гэта адбылося на Адрыятычным ўзьбярэжжы ў Чарнагорыі, куды палітык выехаў на два дні на вакацыі. Цяпер вакол дома, дзе спыніўся Драшкавіч, дзяжураць моцна ўзброеныя чарнагорскія паліцыянты… Як паведамляюць міжнародныя агенцтвы, Вук Драшкавіч быў у доме адзін і глядзеў тэлевізар, калі ў яго пачалі страляць з аўтаматычнай зброі праз вакно, якое выходзіць ў сад. Усяго было выпушчана восем куляў. Дзьве зь іх трапілі Драшкавічу ў голаў і ў вуха. “Аднак, абедзьве раны аказаліся лёгкімі, ” – паведаміў адвакат Драшкавіча Огнен Прыбішавіч. Паводле ягоных словаў, Драшкавіч адразу быў дастаўлены ў шпіталь, які пакінуў усяго праз тры гадзіны. Са шпіталю ён патэлефанаваў сваёй жонцы, і ёй давялося сьпешна выехаць з Белграду ў чарнагорскі горад Будва, дзе адпачываў яе муж. Газэта New York Times нагадвае ў сёньняшняй публікацыі на гэтую тэму, што лідэр самай буйной апазыцыйнай партыі – Сэрбскага Руху Адраджэньня Вук Драшкавіч выступае адным з галоўных апанэнтаў прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча. Нядаўна Драшкавіч ачоліў кампанію за датэрміновыя выбары з мэтай адхіленньня Мілошавіча ад улады. Нягледзячы на сваю папулярнасьць, Драшкавічу, аднак, не ўдалося зарганізаваць масавай падтрымкі на вуліцах сэрбскіх гарадоў цягам апошніх месяцаў альбо заручыцца цьвёрдай падтрымкай іншых лідэраў апазыцыі. У мінулым месяцы урад зачыніў прыватную тэлестанцыю Студыя-Б, зьвязаную з Рухам адраджэньня. У мэтах бясьпекі Драшкавіч тады зьехаў у Чарнагорыю, якая ўваходзіць у склад Югаслаўскае фэдэрацыі, дзе папрасіў абароны ў чарнагорскага прэзыдэнта Міла Джуканавіча. Драшкавіч вярнуўся ў Белград, калі ягоныя прыхільнікі зарганізавалі мітынгі пратэсту супраць закрыцьця Студыі Б, а потым паехаў па дапамогу ў Маскву, якая працягвае падтрымліваць шчыльныя сувязі з Мілошавічам – піша New York Times. 31 траўня, у дзень вяртаньня Драшкавіча з Масквы, ягоная ахова был арыштаваная ў Белградзкім аэрапорце. У той самы дзень у сталіцы Чарнагорыі Падгорыцы быў забіты дарадца службы бясьпекі прэзыдэнта Джуканавіча Горан Зугіч. Драшкавіч увесь час абвінавачвае ўлады ў спробах забіць яго.
Сэрбская апазыцыя таксама абвінавачвае ўлады ў сэрыі забойстваў у Белградзе, улучна зь нядаўнім забойствам міністра абароны Паўле Булатавіча. Падрыхтаваў Віталь Тарас
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |