RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 16 Чэрвеня 2000

Сёньня



Прыкладна месяц таму ў прыдзьвінскай вёсцы Лучна, што ў Полацкім раёне, зьвявілася адмысловая геалягічная тэхніка. Па Дзьвіне пайшлі вадамерныя катары. На пытаньне вяскоўцаў, што тут зьбіраюцца рабіць, барадатыя дзядзькі ў штармоўках адказалі: будзем будаваць ГЭС

Устрывожаныя жыхары сталі званіць у абласны ды раённы выканкамы, пачалі пісаць калектыўныя лісты, аднак уцямных адказаў на свае пытаньні так і не атрымалі...

Трывогу жыхароў вёскі Лучна можна зразумець: будаўніцтва ГЭС сур’ёзна ўскладніць іхнае жыцьцё. Апроч таго, у пэрспэктыве будуць залітыя паплавы, а тое й сама вёска.

У дадзеным выпадку, каб пазьбегнуць плётак і панікі, патрэбная аб’ектыўная і дакладная інфармацыя. Яе, як паказала практыка, цяжка знайсьці нават журналістам з дзяржаўных СМІ.

І ўсё ж, удалося высьветліць наступнае: на адрэзку ад Віцебску да Полацку бліжэйшым часам мусяць паўстаць 4 гідраэлекрастанцыі. І лучнеўская, якая будзе разьмешчаная ў 14-ці кілямэтрай ад Полацку, ня першая.

Цяпер вядуцца праектовыя і вышуковыя працы, на якія выдаткавана 100 000 даляраў. Выконвае праект менскі інстытут Белэнэргасеткапраект. А замоўца – канцэрн “Белэнэрга”.

Ужо атрыманыя тэхумовы ад усіх зацікаўленых інстытуцыяў, у тым ліку дзяржаўных прыродаахоўных арганізацыяў ды рыбнагляду. Паводле іх, узровень вады ў вадасховішчы не павінен перавышаць максымальнага – як пры веснавой паводцы.

Заўважым, што ў сытуацыі, калі ў дзяржавы бракуе сродкаў на набыцьцё нафты і газу, дзяржава мусіць шукаць альтэрнатыўныя энэргетычныя крыніцы. І разьвіцьцё гідраэнэргетыкі цалкам апраўдана.

Але пабудова ГЭС зьвязаная з экалягічнымі праблемамі. Не сакрэт, што вадасховішча на раўнінных рэках уяўляе сабой штучнае возера зь цьвілай вадой. І пад час пабудовы станцыяў быў бы нялішнім кантроль з боку незалежных экспэртаў.

Улады, відаць, добра памятаюць 1987 год, калі дзякуючы намаганьням магутнага экалягічнага руху было спыненае будаўніцтва даўгаўпілскай ГЭС. Таму падрыхтоўчыя працы для будаўніцтва лучнеўскай ГЭС вядуцца цішком.

Вінцэсь Мудроў, Полацак


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org