RFE/RL |
Пятніца, 16 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Сёньня ў Барысаўскім гарадзкім судзе пачалося слуханьне адміністрацыйнай справы адносна ўдзельнікаў учорашняга несанкцыяванага пікетаваньня, якое правялі актывісты БСДП “Народная Грамада” Аляксандр Абрамовіч, Алеся Ясюк і Антон Дзялежнікаў - супраць хібаў у мэдычным абслугоўваньні Барысава… Слуханьне сёньняшняй адміністрацыйнай справы адносна удзельнікаў узгаданага пікету было незвычайным. Напрыклад замест таго, каб за 15-20 хвілінаў разгледзіць ступень вінаватасьці ўсіх трох удзельнікаў недазволенай уладамі акцыі, як такое было раней, і заслухаць ў якасьці сьведкаў міліцыянтаў, судзьдзя Копец толькі на разгляд справы аднаго Аляксандра Абрамовіча выдаткаваў палову рабочага дня. Быў дапушчаны да працэсу грамадзкі абаронца, намесьнік старшыні філіі БГК Ігар Летнік. Заслуханыя сьведкі падсуднага. Адказаваючы на пытаньні судьдзі, наконт таго, чаму сацыял-дэмакраты адважыліся на несанкцыянаваны пікет супроць кіраўнікоў Барысаўскага адзьдзела аховы здароўя, лідэр філіі сацыял-дэмакратаў Аляксандар Абрамовіч зазначыў: маўляў, ён і ягоныя аднадумцы перакананыя і маюць неабвержныя факты пра тое, што ў жаночай кансультацыі Барысава праводзіцца масавая стэрылізацыя жанчынаў. Пад пагрозай належнай матэрыяльнай дапамогі на нараджэньне дзіцяці жанчынаў прымушаюць уводзіць у арганізм кантрацэптывы. Былі таксама агучаныя матэрыялы маніторынгу філіі БСДП і прадстаўніцтва Гэльсінскага камітэту, ў прыватнасьці, сьведчаньні вядомага ў горадзе пэдагога Галіны Раскошай. Яна распавяла пра тое, што адну зь яе нявестак барысаўскія мэдыкі змарылі, паведамілі аб зьмярцьвеньні плоду. Калі ж гэтая жанчына зьвярнулася ў абласную бальніцу, там далі зусім іншую інфармацыю. Гэты плод здаровы, будучыя роды пройдуць нармальна. Грамадзкі абаронца, намесьнік старшыні філіі БГК Ігар Летнік запатрабаваў ад суду апраўдальнага для Аляксандра Абрамовіча прысуду і перадачы гэтай справы ў пракурорскія ворганы дзеля далейшага раследаваньня. У панядзелак будзе зачытаны вырак судзьдзі адносна справы Аляксандра Абрамовіча ды распачаты працэс над астатнімі удзельнікамі пікету. Алесь Мікалайчанка, Барысаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |