RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 16 Чэрвеня 2000

Сёньня



Сёньняшні дзень вядомы ў літаратурным календары 20-га стагоддзя як “Блюмздэй”—дзень Леапольда Блюма, героя рамана Джэймса Джойса “Уліс”. Падзеі гэтага ці ня самага славутага шэдэўра стагодзьдзя адбываюцца на працягу аднаго дня, 16 чэрвеня 1904 году. Зь перакладчыкам “Уліса” на беларускую мову Янам Максімюком гутарыць Аляксандар Лукашук

“Самавіты, пульхны Бык Маліган высунуўся зь лесьвічнага прахону, несучы ў руках місачку з мыльнаю пенай, на якой ляжалі наўскрыж люстэрка й брытва. Лагодны ранішні павеў зьлёгку ўзьнімаў крысьсё ягонага неаперазанага жоўтага халата. Ён падняў місачку перад сабой і заінтанаваў:
- Introibo ad altare Dei.”

Так пачынаецца беларускі “Уліс”, які пабачыў сьвет ў 1993 годзе ў Беластоку. Падарожжа рамана да чытача на Беларусі пачалося хіба з польскага перакладу, затым зьявіўся расейскі. Цікава, адзін з двух перакладчыкаў, Харужы, таксама беларус, сын Веры Харужай, героя Савецкага Саюзу, партызанкі, якая зь беларускіх лясоў была перавезеная ў тыл, нарадзіла сына, напісала ліст з просьбай вярнуцца за лінію фронта, партызанскае начальства прозьбу ўхваліла, маці кінула немаўля на сястру, вярнулася на Віцебшчыну, дзе й загінула.

Гэты сын і дапамог “Улісу” прыйсьці да расейскага чытача. На беларускую “Уліса” пераклаў Ян Максімюк, літаратар, журналіст зь Беластоку, які добра вядомы слухачам “Свабоды” і як палітычны камэнтатар нашага радыё.

Разам зь Янам Максімюком мы зайшлі ў студыю дакладна а 2-й гадзіне – у гэты час, паводле так званага рытму “Уліса”, героі гавораць пра літаратуру. Першае пытаньне – чаму “Уліс паводле шматлікіх апытаньняў прызнаецца самай важнай кнігай стагодзьдзя?”

(Максімюк: ) “Па-першае, гэта добрая кніга, гэта вельмі добрая кніга, кожнае пакаленьне чытачоў чытае, нешта знаходзіць новае для сябе. Кнігі, якія чытаюцца пакаленьнямі, вывяраюцца проста самім чытачом”.

(Лукашук: ) “Ці прачытаны “Уліс” у Беларусі?”

(Максімюк:) “Ну, па-мойму, не. Тыя пяцьсот асобнікаў перакладу, што пайшлі на Беларусь, прачытаныя. Хаця можа ня поўнасьцю, але тыя людзі, якія набывалі гэтую кніжку, набывалі, я б сказаў, не таму, што гэтая славутая кніга. Яны проста хацелі паглядзець, як гэта выглядае ў беларускай мове. Што тычыцца шырокага ўспрыняцьця кнігі ў сьвядомасьці чытацкай Беларусі, я думаю, яго не было. Але, наагул, ва ўсіх літаратурах сьвету “Уліс” – гэта кніжка, якая чытаецца выбраным колам чытачоў, дасьведчаным, якія смакуюць літаратуру, разумеюць, і кола гэтае чытачоў ня ёсьць шырокім”.

(Лукашук: ) “А як бы можна было коратка адказаць на пытаньне, у чым унікальнасьць “Уліса”?”

(Максімюк: ) “Унікальнасьць яго палягае ў татальнасьці бачаньня сьвету. Татальнасьць, гэта скажам, калі сьвет сузіраецца ва ўсіх яго магчымых ракурсах – і рэлігійным, і філязафічным, і грамадзкім, і палітычным, і псыхалягічным. Такога да Джойса не было і, магчыма , і пасьля Джойса складана знайсьці такую кнігу, дзе таленавіты пісьменьнік гэтую татальнасьць сьвету паказаў.”

(Лукашук: ) “Літаратура ХХ-га стагодьдзя хіба не ўпершыню -- ў параўнаньне зь літаратурамі папярэдніх часоў -- у цэнтар сваёй увагі ставіць пытаньне свабоды, пытаньне праблемы асабістага выбару. Як гучыць і як вырашаецца пытаньне свабоды ва “Ўлісе”?”

(Максімюк:) “Мне здаецца, пытаньне свабоды ва “Ўлісе” ставіцца ў яго найбольш радыкальным выглядзе. Гэта праблема мэтафізычнае свабоды чалавека ў гэтым сьвеце. Гэта праблема не палітычнай ці нейкай сацыяльнай свабоды. Гэта праблема таго, ці мы ў гэтым сьвеце дробка нейкага абсурду, ці гэты сьвет як бы мае ўсё ж такі нейкі вышэйшы сэнс. Перш за ўсё ў такім ракурсе разглядаецца праблема свабоды чалавека ва “Ўлісе”. Некаторыя крытыкі лічаць, што адказ Джойса вельмі пэсымістычны у гэтым сэнсе. Чалавек у сьвеце самотны, чалавеку немагчыма знайсьці ў ім паразуменьне, разуменьне іншым чалавекам. Лейтматыў рамана -- гэтая самая праблема, ці Леапольд Блюм можа знайсьці нейкія нітачкі сымпатыі, нітачкі паразуменьня са Стывэнам Дэдэлам. Дзьве душы спаткаліся ў Дублінскім моры, якія да гэтае пары ня ведалі пра сябе. І тое, што паміж імі сапраўды супольнае, гэта тое, што і адзін, і другі – чалавек. Ці магчыма знайсьці паміж імі паразуменьне, нейкую нітачку ўзаемнае сымпатыі? Джойс тут не адназначны – ёсьць аргумэнты на карысьць таго, што нейкае паразуменьне паміж гэтымі дзьвюма асобамі завязалася 16 чэрвеня 1904 года. Ёсьць таксама аргумэнты за тое, што гэтае спатканьне нічога ня вырашыла і не закранула іх у такой ступені, якая б у нечым зьмяніла іхняе ранейшае жыцьцё…”

Адказ Джэймса Джойса на праблему свабоды як немагчымасьць сапраўднага паразуменьня мае яшчэ адзін варыянт, які праявіўся цяпер, праз восем дзесяцігодзьдзяў пасьля напісаньня кнігі. Гэты адказ -- сам “Уліс” зь яго героямі, які працягвае плаваньне ў іншых мовах, прыстае да ўсё новых берагаў і знаходзіць усё большае паразуменьне са сваімі чытачамі – у тым ліку і ў Беларусі.

Падарожжа працягваецца. Сёньня ў папулярным праскім бары “Джэймс Джойс” няма свабодных месцаў.

Аляксандар Лукашук


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org