RFE/RL |
Пятніца, 16 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Былы кіраўнік акцыянэрнага таварыства “Расьсьвет” Васіль Старавойтаў адзначыў свой 76-ты дзень нараджэньня. Сярод тых, хто віншаваў славутага беларускага гаспадарніка, двойчы Героя сацыялістычнае працы, не аказалася аніводнага калегі па калгасным ладзе. Васіль Старавойтаў распавёў, што недахопу ў віншаваньнях не было. Тэлефануюць з Украіны, Прыбалтыкі, Расеі. Чарговую гадавіну прайгнаравалі толькі ў Беларусі; дружна прамаўчалі тыя, хто яшчэ некалькі гадоў таму называў Старавойтава выключна настаўнікам. “Страх пануе ў Беларусі, – канстатуе Васіль Старавойтаў, – людзі баяцца пацярпець за тое, што падтрымліваюць стасункі зь няўгодным уладам элемэнтам”… (Старавойтаў: ) “У адной аршанскай турме за яго бытнасьць дадалося 3100 чалавек – пакалечаных душаў, разваленых сем’яў. У турэмнай камэры ячная каша раніцай, ячная каша на абед. Гэтыя людзі, якія там сядзяць, галодныя, здаровыя, нічога ня робяць. Я кажу: дайце хаця б ім малаток ды цьвікоў, няхай хоць што-небудзь зробяць. Сядзяць і нічога ня робяць”. 41 год з 76-ці Васіль Старавойтаў кіраваў калгасамі. Вялізны досьвед, назапашаны за гэты час, урэшце прывёў да асэнсаваньня, што калгасная сыстэма патрабуе перагляду. Экспэрымэнт з падзелам “Расьсьвету” больш як на 60 суб’ектаў гаспадараньня з уласнымі рахункамі аказаўся звышрэвалюцыйным. Маючы ў мінулым дачыненьне да традыцыйнае калектывізацыі, Лукашэнка на уласным узроўні вырашыў, што спробы Старавойтава пераўтварыць адную гаспадарку ў 60 самастойных вельмі падазроныя. Пачаўся перасьлед, які скончыўся судовым фарсам і турэмным зьняволеньнем. (Старавойтаў: ) “Нават у савецкі час суд выязджаў на месца, судзіў і потым туды чалавека ставіў. Тады, у той час, трэба было сабраць сход, прыняць на сходзе рашэньне – вось за гэта трэба судзіць, а за гэта ня трэба. Тады час быў цяжкі, а цяпер ніхто ні ў каго не пытаецца. На мой погляд рэжым Лукашэнкі у некалькі разоў больш жорсткі й страшэнны, чым той, што быў у 37-ым. Трымалі ў жаху ўсю вёску, пяцьсот сьведкаў выклікалі. Ёсьць, людзі, каторыя па сорак разоў судом выклікаліся”. (Карэспандэнт: ) “Васіль Канстанцінавіч, а што ж атачэньне, якое быццам павінна уплываць на Лукашэнку пад час спрэчных момантаў?” (Старавойтаў: ) “Атачэньне гэтае, такія як Малафееў, Дземяньцей, Сакаловы. Што гэта такое! Правільна ў свой час ў Прыбалтыцы зрабілі й усіх пасадзілі к “чортавай мацяры”. Гэта такое атачэньне, якія проста баяцца за сваю скуру. Яго трымаюць й трымацца будуць і ўсё адно зь ім будуць. Абавязкова разьбярэмся, так ня пройдзе. Гэта ўсё ж трэцяе тысячагодьдзе, ня можа быць, каб усё так прайшло. Яго абавязкова будуць судзіць”. Некаторыя лічаць, што надзвычай цяжкі ўдар Старавойтаў атрымаў ад тых, зь кім пачынаў рэструктурызацыю гаспадаркі. На ўчыненым на заказ уладаў спэктаклі, пад час якога адбывалася вяртаньне акцыянэрнага таварыства ў калгасную мінуўшчыну, толькі 14 чалавек выступілі супраць падобнага рашэньня. Астатнія 2 тысячы фактычна падтрымалі курс на згортваньне рэформаў. Але сам Старавойтаў і тут ня робіць радыкальных высноваў. Вось што ён кажа: “30 год я дурыў галаву падначаленым: “думай найперш пра дзяржаву, потым пра сябе. Я міжволі выкараняў дух прыватніка. І я не магу абвінавачваць сялянаў, што цяпер яны ад мяне адвярнуліся. Наш народ як гліна: ляпіць можна, што заўгодна. Ён вельмі хутка прымае формы”. Але цікава, што апальны старшыня амаль упэўнены, што праз год-другі гэтыя самыя сяляне будуць прасіць яго зноў узначаліць гаспадарку. Патрэбен час на элемэнтарнае параўнаньне. А пакуль што Старавойтаў выплочвае на карысьць дзяржавы 35 млрд. быццам бы скрадзеных рублёў. Куды на самой справе йшлі грошы? Гаворыць Васіль Старавойтаў: (Старавойтаў: ) “За што я грошы плачу? За кармленьне камбайнэраў -- двух спэцыялістаў з вышэйшай адукацыяй, яны па дваццаць пяць гадоў працавалі; за ўшаноўваньне памяці вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны. І прыязджалі дэлегацыі, якіх нам дасылалі. Я плачу за гэта. Таму што ў калгасах можна, а ў акцыянэрных таварыствах нельга”. Гэта быў Васіль Старавойтаў. Самы заслужаны кіраўнік у беларускай сельскай гаспадарцы выглядае надзвычай бадзёрым і будуе пляны. І спадзяецца, што больш у ягонае жыцьцё ніхто ўмешвацца ня будзе. Ігар Карней, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |