RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 16 Чэрвеня 2000

Сёньня



Экс-прэм’ер Беларусі Міхал Чыгір аднавіў працоўную дзейнасьць у якасьці кансультанта адной зь беларускіх камэрцыйных фірмаў. Чыгір заяўляе, што становішча у беларускім бізнэсу вельмі складанае, але не губляе надзеі на посьпех…

Апошнім працоўным месцам Міхала Чыгіра было прадстаўніцтва аднаго буйнога нямецкага канцэрну ў Маскве, дзе экс-прэм’ер адпрацаваў ледзь не два гады да сыходу ў сувязі з пачаткам перадвыбарчае прэзыдэнцкае кампаніі 1999 году.

Асабіста для кандыдата ў прэзыдэнты Чыгіра гэтая кампанія скончылася арыштам, турэмным зьняволеньнем на працягу васьмі месяцаў і асуджэньнем да трох гадоў з адтэрміноўкаю на два гады. Гэты прысуд яшчэ не ўвайшоў у дзеяньне, паколькі папярэдне абскарджаны як асуджаным, гэтак і пракуратураю.

Але, не чакаючы канчатковае кропкі ў судовай гісторыі, Міхал Чыгір вырашыў заняцца справаю. Зь сёньняшняга дня ён уладкаваўся на працу ў адну зь менскіх камэрцыйных фірмаў, пра што й распавёў мне ўжо з новага працоўнага месца.

(Чыгір: ) “Я вырашыў працаваць ў якасці саветніка, сёньня мой першы працоўный дзень, крыху пазнаёміўся з сытуацыяй, якая склалася ў бізнэсе. І нічога добрага тут няма умовы для бізнэсу вельмі складаныя, яны значна пагоршыліся ў параўнаньні з 1996 годам. Умовы пагаршаюцца з кожным днём, але некаторыя бізнэсмэны выжываюць і працуюць. Пагэтаму я на сваёй “шкуры” хачу паспрабавать так што ж адбываецца на самой справе.”

(Карэспандэнт:) “Як называецца гэтая фірма і чым яна займаецца?”

(Чыгір: ) “Фірма АДЛ - рознапрофільная фірма, супрацоўнічае з Расеяй, Малдовай. Думаю, я буду спрыяць, каб магчымасьці гэтай фірмы пашыраліся, гэта ў асноўным гандлёвая фірма”.

(Карэспандэнт:)”А ў прынцыпе, чаму Вы пайшлі на працу?”

(Чыгір: ) “Тую пэнсію, якую мне плаціць дзяржава за маё прэм’ерства складае 6 даляраў за месяц, і за гэтыя грошы, вядома, ніхто жыць ня зможа. Па-першае, чалавек павінен працаваць, а па-другое, павінен зарабляць грошы”.

(Карэспандэнт:) “Вось гэтая фірма – АДЛ -- колькі яна працуе на беларускім рынку?”

(Чыгір: ) “Яна раней мне была не вядома, яна абслугоўвалася не у маім банку, і гэтую фірму я раней ня ведаў. З цягам часу пазнаёмілся, і зараз я яе ведаю прыблізна ад 1996г. Ужо пасьля таго, як я пайшоў у адстаўку”.

(Карэспандэнт:) “Вы ў Маскве працавалі ў нямецкай фірме… Чаму Вы ня можаце працягваць гэтую працу цяпер?”

(Чыгір: ) “Ну, па- першае, я ж ня маю магчымасцей выязджаць у Маскву, а ў Беларусі увогуле няма гэтай фірмы сфэры выкарыстаньня, бо інвэстыцыяў, можна сказаць, амаль няма і пагэтаму працаваць на нямецкую фірму ў Беларусі, там дзе я працаваў, навогул немагчыма. Пагэтаму я працую у беларускай фірме, на сённяшні дзень пачаў працаваць, а з цягам часу будзе відаць, якія будуць вынікі».
 

Гэта быў экс-прэм’ер Міхал Чыгір, які зь сёньняшняга дня працуе кансультантам у беларускай камэрцыйнай фірме АТЛ.

На пытаньне, ці не асьцерагаецца кіраўніцтва фірмы, што ўзяўшы на працу Чыгіра, можа атрымаць дадатковыя праблемы, экс-прэм’ер адказаў: “Гэта сумленныя людзі, і ім няма чаго баяцца. А акрамя праблемаў, маё зьяўленьне можа дадаць ім і падтрымкі”, – сказаў Міхал Чыгір.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org