RFE/RL |
Пятніца, 16 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
З надыходам лета на гомельскіх рынках усё больш зьяўляецца прадукцыі з агародаў, лесу, вадаёмаў-- зеляніна, грыбы, ягады, рыба. Чаго толькі не прадаюць людзі, каб атрымаць дадатковую капейку на пражытак. Але не заўсёды прапанаваная прадукцыя бездакорная ў радыёлягічным пляне… Сёньня я абышоў цэнтральны прадуктовы рынак, што называецца ўздоўж і поперак. Высьветлілася такая заканамернасьць. Прыватныя гандляры, што прапануюць зялёную цыбулю, салату, трускаўкі ды іншае, у межах агарожанае часткі рынку, як правіла, маюць на руках аналізы сваёй прадукцыі з радыёлягічнай лябараторыі, хаця і тут бываюць выключэньні. Дзьве жанчыны, што прапаноўвалі сушаную рачную рыбу такіх пацьвярджэньняў
ня мелі. Не правераная прадукцыя з кошыкаў і пакетаў прадаецца з другога
боку рыначнага плоту, на тратуары па вуліцы Катуніна, пытаемся пра радыёляічны
аналіз шчаўя, пятрушкі, кропу ў бабулі, якая паведаміла, што прыехала зь
вёскі “Старая Беліца”, каб прадаць зеляніну і зарабіць на хлеб:
Пра шчаўё пытаюся невыпадкова. Яго людзі зьбіраюць і на лузе, спажываюць, альбо вязуць на продаж. Радыёлягі кажуць, што нядаўна ў шчаўі, прывезеным з Касьцюкоўкі -- прыгараду Гомлі, радыёнукліды перавышалі норму ў шэсьць разоў. Першыя лісічкі, што зьявіліся на рынку, таксама былі бруднымя. Утрымлівалі амаль 1.000 кюры на кіляграм замест 370 паводле нормы. Шмат выяўляецца выпадкаў бруднага малака і малочных прадуктаў. Радыёлягі рынку імкнуцца канфіскаваць і зьнішчыць забруджаную прадукцыю. Праўда, калі пасьпеюць, бо людзі даведаўшыся аб выніках радыялягічнага даследаваньня, як правіла, уцякаюць і прадаюць брудную прадукцыю у ваколіцах рынку. Але цяжкі пэрыяд пачынаецца у радыёлягаў у час масавага пасьпяваньня у лясох чарніцаў, зьяўленьня там грыбоў. Паводле распараджэньня гарвыканкаму, рэалізаваць іх на рынку навогул забаронена, паколькі чыстых лясных дароў у рёгіёне практычна няма, аднак на гэта мала хто зьвяртае увагі. Нават горш. Як сьцьвярджае радыёляг рынку Алла Аплачыкава: “Ня вельмі людзі хочуць правяраць прадукцыю, калі толькі для сябе з задавальненьнем прыносяць, а так ня хочуць”. Як кажа спадарыня Аплачыкава, прычыну таму бачыць радыёляг ў чэргах, што зьбіраюцца рана каля лябараторыі, у значнам адборы прадукцыі на пробу, але больш за ўсё, што неправераную прадукцыю можна прадаць. Калі не на рынку, то побач зь ім. Казімір Яноўскі, Гомель
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |