RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 16 Чэрвеня 2000

Сёньня



Былы кіраўнік галоўнае дзяржаўна-праўнае ўправы адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандар Пласкавіцкі, які 24 траўня звольніўся з адміністрацыі, сёньня адказваў на пытаньні журналістаў. Паводле словаў Пласкавіцкага, цяпер ён мае намер удзельнічаць у рэалізацыі праекту пад назовам “Будучы прэзыдэнт Беларусі”…

Аляксандар Пласкавіцкі працаваў у дзяржаўным апараце з 1992 году, апошнія шэсьць гадоў – у праўнай філіі адміністрацыі Лукашэнкі. Праўную ўправу ён фактычна ўзначаліў у 1996 годзе. Журналісты памятаюць Пласкавіцкага па паседжаньнях Канстытуцыйнага суду напярэдадні рэфэрэндуму, калі ён у крытычны для лёсу Вярхоўнага Савету момант абгрунтоўваў і адстойваў пункт гледжаньня Лукашэнкі. Пласкавіцкі цяпер сьцьвярджае, што непасрэдна ня ўдзельнічаў у падрыхтоўцы тэксту Канстытуцыі 1996 году, але добра вядома, што ён прыклаў руку да пераразьмеркаваньня ўлады на карысьць Лукашэнкі: займаўся агітацыяй за новы праект Канстытуцыі, рыхтаваў артыкулы ў падтрымку гэтага праекту.

Паводле словаў Аляксандра Пласкавіцкага, асноўныя прычыны яго звальненьня на ўласнае жаданьне з адміністрацыі Лукашэнкі – немагчымасьць працаваць вынікова, канструктыўна. Ён не выключае, што ў блізкім часе магчымыя звальненьні іншых дзяржаўных чыноўнікаў з-за розных прычынаў, якія ня маюць дачыненьня да ягонае адстаўкі. Пласкавіцкі заявіў:

(Пласкавіцкі: ) “Я лічу гэта магчымым, але гэта не мае дачыненьня да маёй адстаўкі. Яны ня будуць звальняцца таму, што звольніўся я. Яны будуць звальняцца, бо ім не хапае грошай, якія яны атрымліваюць за сваю працу. Яны ня маюць упэўненасьці ў заўтрашнім дні”.

Паводле словаў Пласкавіцкага, зьмена прэзыдэнта на выбарах наступнага году цалкам магчымая. Былы кіраўнік праўнае ўправы адміністрацыі мае намер працаваць з новым кандыдатам на пасаду кіраўніка дзяржавы. Пласкавіцкі лічыць станоўчым тое, што Лукашэнка ўмацаваў дзяржаўную ўладу й заклікаў служыць інтарэсам простых грамадзянаў. Хто будзе новым прэзыдэнтам, ён яшчэ ня ведае, але гатовы падтрымаць кандытата, які будзе адпавядаць наступным
Патрабаваньням:

(Пласкавіцкі: ) “Будучы прэзыдэнт Беларусі павінен адпавядаць наступным патрабаваньням: ён павінен быць практычным дзеячам, які ня толькі мае намер служыць свайму народу, але й робіць тое, што дае практычныя вынікі. Што паляпшае дабрабыт людзей на практыцы. Гэта адзінае патрабаваньне”.

(Карэспандэнт: ) “Чым ён павінен прынцыпова адрозьнівацца ад Аляксандра Лукашэнкі?”

(Пласкавіцкі: ) “Тым, што ён, замест таго, каб размаўляць, - дзейнічаць”.

Ганна Навумовіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org