RFE/RL |
Чацьвер, 15 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Маскоўскія падзеі, зьвязаныя з арыштам мэдыямагната Ўладзімера Гусінскага, зьяўляюцца копіяй беларускага палітычнага досьведу. Так лічаць у Беларускім саюзе прадпрымальнікаў, дзе прайшла сёньня прэсавая канфэрэнцыя. Віцэ-прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа назваў арышт Уладзімера Гусінскага палітычным крокам, які ажыцьцявілі расейскія ўлады. Сьледчы ізалятар, куды зьмешчаны Гусінскі, – патлумачыў ён, – зьяўляецца мераю пакараньня, а не стрыманьня. Пра гэта сьведчыць досьвед найноўшае беларускае гісторыі. Расейскі бізнэсовец Гусінскі, – зазначыў Патупа, – зараз патрапіў у знаёмую беларускаму грамадзтву сытуацыю. Бо ў падобным становішчы ў свой час знаходзіліся такія вядомыя ў краіне асобы як прадпрымальнік Андрэй Клімаў, банкіры Міхал Чыгір і Ўладзімер Хілько. Беларускія ўлады абыйшліся зь імі гэткім жа чынам, як і расейскія – з Гусінскім. Усе яны былі таксама папярэдне зьмешчаныя ў ізалятар, нягледзячы на адсутнасьць для гэтага важкіх падставаў. Ані Клімаў, ані Чыгір, ані тым больш інвалід Хілько не ўяўлялі аніякае небясьпекі для грамадзтва й не зьбіраліся ўцякаць з краіны, але, тым ня менш, былі жорстка пакараныя за апазыцыйную дзейнасьць і для застрашэньня кінутыя за краты. У пуцінскай Расеі абуджаюцца зараз такія ж самыя КГБ’ісцкія мэтоды, як і ў лукашэнкавай Беларусі, – лічыць Аляксандар Патупа. Ён пашкадаваў, што расейскае грамадзтва ўсе апошнія гады няўважліва адносілася да палітычных працэсаў, што адбываліся ў гэтак званай “саюзнай” дзяржаве, і зараз мусіць вучыцца на ўласных памылках. Зрэшты, цяперашнюю ўвагу беларускіх бізнэсоўцаў прыцягвае ў Расеі ня толькі драматычны выпадак, зьвязаны са зьняволеньнем маскоўскага алігарха. Як вядома, пуцінская Расея агучыла пляны буйнамаштабнае эканамічнае рэформы, якая мае за мэту лібэралізацыю гаспадарчых парадкаў. У асяродзьдзі беларускіх прадпрымальнікаў зьявіліся спадзяваньні, што гэтыя маскоўскія парадкі будуць перанесеныя і на беларускую глебу. Між тым, кіраўніцтва Беларускага саюзу прадпрымальнікаў лічыць такія спадзяваньні заўчаснымі. Гаворыць сябра рады гэтага грамадзкага аб’яднаньня Сяргей Стрэльчык: (Стрэльчык: ) “Вядома, беларускія прадпрымальнікі чакаюць лібэралізацыі, якая цяпер, як нам здаецца, намецілася ў Расеі, але ж наўрад ці дачакаюцца, бо і да прыходу каманды Пуціна, дзе працуе лібэральны Грэф, і да гэтых часоў у Расеі існавалі даволі лібэральныя ў параўнаньні зь беларускімі парадкі што да гарантыяў правоў на маёмасьць, забесьпячэньня правоў асобы і так далей. Гэта тое, што складае падмурак лібэралізму. На жаль, нічога гэтага нашымі ўладамі прынята не было, хаця ўсе магчымасьці былі каб нейкія прыклады, нейкі вопыт лібэралізму ў Расеі прыжыць і на нашай глебе. Гэтага не адбылося. Цяпер прыйшоў больш лібэральны ў параўнаньні, напрыклад, з Чарнамырдзіным ці з Прымаковым кіраўнік, Касьянаў, але гэта яшчэ не аб чым не гаворыць для нас. Як не былі прынятыя тыя лібэральныя правілы, ня будуць прынятыя і гэтыя, бо яны не прымальныя для нашых уладаў. Я лічу, што справа менавіта ў асабістым непрыняцьці лібэральных каштоўнасьцяў”, – зазначыў сябра рады Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Сяргей Стрэльчык. Міхал Стэльмак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |