RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 15 Чэрвеня 2000

Сёньня



У Барысаве група актывістаў БСДП “Народная Грамада” на Цэнтральным пляцы гораду правяла не дазволеную ўладамі акцыю пратэсту супраць парушэньня правоў жанчынаў. Пікетоўцы блізу штабу вайсковае часткі ланцугамі прыкавалі свае ногі да машты, на якой пад час афіцыйных сьвятаў вывешваецца чырвона-зялёны сьцяг, ды запатрабавалі адстаўкі старшыні гарвыканкаму Бургуна, галоўнага доктара Барысава Кузьняцова і ягоных намесьнікаў. Акцыя пратрымалася дваццаць хвілінаў, пасьля чаго нарад міліцыянтаў затрымаў пікетоўцаў.

Плякаты, зь якімі сёньня а 10-й гадзіне раніцы на Цэнтральны пляц Барысава выйшлі актывісты “Народнае Грамады” Аляксандар Абрамовіч, Антон Цялежнікаў ды Алеся Ясюк, былі нечаканыя і адначасова цікавыя для жыхароў места: “Барысаўскія жанчыны супраць прымусовае стэрылізацыі!”, “Кузьняцова – у адстаўку! Далоў парушэньні правоў жанчынаў і маці ў Барысаве!”, “Мы – ня быдла. Нам патрэбная гарачая вада!”, “Бургуна – у адстаўку!”

Па тым, як каля пікетоўцаў спыняліся маладыя і сярэдняга веку жанчыны, можна было зразумець: гэта акцыя найперш усхвалявала менавіта іх. Чаму?

Як сьведчылі апытаныя мною барысавянкі, ім адразу ж пасьля народзінаў дзяцей дактары жаночае кансультацыі ўльтыматыўна прапаноўвалі ў якасьці кантрацэптываў выкарыстаць гэтак званую нутрыматачную сьпіраль або іншыя сродкі прадухіленьня цяжарнасьці. Калі ж парадзіхі адмаўляліся гэта зрабіць, дык ім мэдыкі не выдавалі дакумэнты дзеля атрыманьня належнае ў такіх выпадках грашовае дапамогі на немаўлят.

Гаворыць Ірына Сьмільніцкая, маці дваіх дзяцей, меншаму зь іх дзевяць месяцаў:

“Сказалі, пакуль ты не паставіш сьпіраль, аніякае дапамогі табе ня будзе. Дапамогі я так і не атрымала – таму што сьпіраль я ставіць не захацела, баючыся наступстваў. …Хоць я не працую, і мне гэтая дапамога тады патрэбная была, і грошай катастрафічна не хапала”.

Свае гісторыі пра гэта ж мне распавялі вядомая ў горадзе пэдагог Галіна Раскоша, актывісткі БСДП Алеся Ясюк, Ларыса Грэбнева ды іншыя жанчыны.

Тым часам пікетоўцаў пасьля працяглага працэсу раскаваньня ланцугоў заарыштавалі супрацоўнікі ГАУС. Пасьля складаньня пратаколаў затрыманых адпусьцілі ды паабяцалі цягам заўтрашняга дню правесьці суды. А я накіраваўся ў жаночую кансультацыю Барысава, каб выслухаць мясцовых мэдыкаў. Загадчыца гінэкалягічнага аддзелу Тамара Барысавец паведаміла, што, маўляў, парадак атрыманьня грашовае дапамогі парадзіхам вызначае пастанова Савету міністраў БССР, што была прынятая ўлетку 1991 году.

Гаворыць Тамара Барысавец:

“Пасьля родаў жанчына наведвае свайго ўчастковага лекара й рашае пытаньне кантрацэпцыі. І толькі тады выдаецца дапамога, калі ўсё выканана ёю”, – зазначыла спадарыня Барысавец.

Яна сказала, што сярод іншых паслугаў, якія прапануе жаночая кансультацыя парадзіхам, ёсьць і стэрылізацыя для шматдзетных маці. Гэтыя ўсе захады, лічыць лекарка, робяцца, каб пазьбегнуць нараджэньня хворых дзяцей і росту гэтак званых «асацыяльных сем'яў».

Алесь Мікалайчанка, Барысаў


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org