RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 15 Чэрвеня 2000

Сёньня



Днямі на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай вынікам паседжаньня Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД, сьпікер Савету Фэдэрацыі Расеі Ягор Строеў паведаміў, што яму і старшыні Дзярждумы Генадзю Селязьнёву Біл Клінтан пад час візыту ў Маскву паведаміў, што ня супраць саюзу Беларусі і Расеі

Строеў заявіў, што Клінтан прадэманстраваў разуменьне роднасьці народаў дзьвюх дзяржаваў і імкненьня да аб’яднаньня. Больш за тое, паводле словаў Ягора Строева, амэрыканскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што некаторая неадпаведнасьць у тэмпах рэформаў у дзьвюх краінах ня можа быць перашкодай да іх цеснай інтэграцыі…

Мы зьвязаліся з Нацыянальнай Радай Бясьпекі ЗША з просьбай пракамэнтаваць заявы Ягора Строева. Прадстаўнік ведамства Майк Хаммэр заявіў, што ён ня ўпэўнены, што такая дыскусія адбылася. Спадар Хамэр паўтарыў пазыцыю ЗША што да магчымага саюзу:

(Хамэр: ) “Як мы заўсёды гаварылі, Злучаныя Штаты падтрымліваюць інтэграцыю краінаў былога Савецкага Саюзу датуль, пакуль гэтая інтэграцыя ўзаемавыгадная, дабраахвотная і не перашкаджае інтэргацыі ў міжнародную супольнасьць. Мы верым, што інтэграцыя можа быць вынікам дэмакратычныга працэсу, а не таго, што адбываецца ў Беларусі…”

Нагадаю, што пазыцыю Злучаных Штатаў адносна беларуска-расейскай інтэграцыі агучыў прадстаўнік Нацыянальнай рады бясьпекі ЗША Майк Хамэр. Злучаныя Штаты Амэрыкі ад пачатку падпісаньня саюзнай дамовы Беларусі і Расеі выказвалі адносна яе сваю пазыцыю.

Дзярждэпартамэнт заяўляў, што інтэграцыя зь недэмакратычным беларускім рэжымам ня можа станоўча паўплываць на працэсы міжнароднай інтэграцыі. Інтэграцыя немагчымая без дэмакратычнага волевыяўленьня народу, што праблематычна пры адсутнасьці дэмакратыі ў краіне.

Больш жорсткая ацэнка аб’яднальніцкім ініцыятывам Аляксандра Лукашэнкі выражаная ва ўхваленай Палатай прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Рэзалюцыі нумар 304. Там дакладна адзначана, што “Саюзная дамова, падпісаная 8-га сьнежня 1999 году Беларусьсю і Расеяй падрывае сувэрэнітэт Беларусі і пэрспэктывы дэмакратыі… Саюзная дамова была ратыфікаваная расейскім парлямантам і нелегітымным парлямантам Беларусі”.

Перад візытам Біла Клінтана ў Маскву амэрыканскія сэнатары патрабавалі ад прэзыдэнта патрабаваць ад Расеі спыніць фінансавай падтрымкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Вольга Караткевіч


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org