RFE/RL |
Чацьвер, 15 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Год таму зьнік вядомы актор тэатру-студыі кінаактора Андрэй Бубашкін. Сёньня ягоныя сваякі й сябры сабраліся, каб абмеркаваць вынікі пошукаў і прыняць дадатковыя намаганьні каб высьветліць лёс зьніклага. Вядомага беларускага кінаактора Андрэя Бубашкіна бяда напаткала недзе ў дарозе паміж нямецкім Мюнстарам, дзе ён меў гастролі, і Берасьцем, куды выехаў на аўтамабілі зь Мюнстару летась 30 траўня. З таго часу пра Бубашкіна няма аніякіх зьвестак, а родныя і сябры адзначаюць, што пошукамі Андрэя ўсё менш заклапочаныя тыя структуры, якім належыць гэтым займацца. Як ў Нямеччыне і Польшчы, гэтак і ў Беларусі. Цесьць Бубашкіна, вядомы мастак Ўладзімер Уродніч сёньня дзяліўся сваім болем: (Уродніч: ) “Мяне бянтэжыць і мучае адно пытаньне – што мая дзяржава зрабіла ў пошуках свайго грамадзяніна? На вялікі жаль, адказу я не атрымаў, і гэта мяне пераканала, што чыноўная раць як звычайна ставіцца да справы”. Абурэньне сваякоў зьніклага актора можна зразумець. Справа гэтая фактычна не расьсьледуецца, калі не лічыць расьсьледваньнем квёлую перапіску паміж беларускім міністэрствам унутраных справаў і нямецкай ды польскай дарожнай паліцыяй. Тыя заяўляюць, што “Хонда”, на якой ехаў актор у Беларусь, у аварыі не трапляла і сьлядоў таго, што яна перасекла нямецка-польскую мяжу, няма. Калі такі адказ яшчэ можна зразумець, бо сапраўды, немцы й палякі не вядуць уліку аўтамабіляў, якія рухаюцца празь іхную мяжу, дык як зразумець бязьдзейнасьць беларускіх сьледчых, што нават ня высьветлілі, ці патрапіла “Хонда” Бубашкіна на нашую тэрыторыю. Гэта важна ведаць, каб расьсьледаваць справу. Аднак, як высьветлілі сваякі актора, аніякае справы нашымі праваахоўнымі структурамі і не ўзбуджана. Уладзімер Уродніч кажа: (Уродніч: ) “Я заяву падаў у Інтэрпол, я неаднаразова адпраўляў свае заявы ва ўправу крымінальнага вышуку, больш за тое, я зьвяртаўся да прэзыдэнта, і я ведаю, што рэзалюцыя прэзыдэнта Сівакову была – дакласьці яму асабіста, але са мною на працягу году ніхто не ўступіў у кантакт”. Прысутны на сёньняшняй сустрэчы ў тэатры кінаактора генэрал міліцыі у адстаўцы Мікалай Чаргінец таксама лічыць, што пошукі актора фактычна не вядуцца. Чаргінец, які ўваходзіць у “Савет Рэспублікі” лукашэнкавага “парлямэнту”, крытыкуе як нямецкую ды польскую паліцыі за бязьдзеяньне ў гэтай справе, гэтак і беларускія сілавыя структуры. Чаргінец лічыць, што праблема зьніклых грамадзянаў стала ў Беларусі вельмі вострай: “На жаль, у Беларусі сёньня больш за 1000 чалавек, зьніклых бязь вестак. Гэтая лічба апошнія гады крыху вагаецца ў той ці іншы бок, але прынцыпова нічога не мяняецца. Людзі зьнікаюць”, – пацьвердзіў генэрал міліцыі ў адстаўцы Чаргінец. Якімі цяпер будуць пошукі актора Бубашкіна? Вырашана максымальна шырока распавесьці пра факт зьнікненьня актора й зьвярнуцца ў тым ліку да ўрадавых структураў і мас-мэдыяў Польшчы, Нямеччыны й Расеі. Бо па дарозе, дзе зьнік беларускі актор, езьдзіць шмат грамадзянаў гэтых краінаў, і ня выключана, што нехта адгукнецца й распавядзе зьвесткі, якія дапамогуць высьветліць лёс Андрэя Бубашкіна. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |