RFE/RL |
Чацьвер, 15 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Звароты ў пракуратуру прадстаўнікоў апазыцыі са скаргамі на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі за апошнія гады ў Беларусі сталі звычайнай справаю. Таму заява дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Вячаслава Герасіменкі нікога б не зьдзівіла, калі б не была выкліканая такімі дзіўнымі абставінамі. Сёньня дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Вячаслаў Герасіменка, які жыве ў Петрыкаве, за 300 кілямэтраў ад сталіцы, вымушаны быў прыехаць у Менск. Ён перадаў сваю заяву ў пракуратуру Першамайскага раёну сталіцы. Спадар Герасіменка патрабуе ўзбудзіць крымінальную справу супраць супрацоўніка Першамайскае раённае міліцыі за службовы падман. Гэты міліцыянт сваімі рапартамі зрабіў з дэпутата нейкага дзіўнага зламысьніка, які нібыта час ад часу прыяжджае зь Петрыкава ў Менск, каб… выкінуць у сталіцы сьмецьце. Прычым, робіць гэта заўжды ў адным і тым жа месцы – на вуліцы Талбухіна, і ў адзін і той жа час – а 7-й увечары… Гісторыя гэтая пачалася месяц таму. Вячаслава Герасіменку нечакана выклікалі ў адміністрацыйную камісію Петрыкаўскага раённага выканкаму. Тут яму паказалі пратакол, які прыйшоў з Першамайскага РАУСу Менску. У ім сьцьвярджалася, што Вячаслаў Герасіменка 10 красавіка а 19-й гадзіне кідаў сьмецьце на вуліцы Талбухіна ў Менску. Цікава, што пашпартныя дадзеныя былі сапраўдныя, але асабістага подпісу Герасіменкі ў пратаколе не было, а прозьвішчы участковага міліцыянта й сьведкі былі неразборлівыя. Але дэпутат Герасіменка ў гэты дзень нікуды зь Петрыкава не выяжджаў, і мае сьведкаў, якія гэта пацьвярджаюць. Дык у чым жа тут справа? Вось як адказвае на гэтае пытаньне Вячаслаў Герасіменка: (Герасіменка: ) “Я зразумеў, што гэта – не выпадковасьць, паколькі ў гэтым пратаколе былі мае пашпартныя дадзеныя. Паколькі свой пашпарат я нікому не даваў, значыць іншы чалавек ня мог назвацца маім імем. Гэта была заплянаваная акцыя. Пачаўшы яе раскручваць я да сваёй радасьці знайшоў стопрацэнтны доказ, што я ў гэты дзень у Менску ня быў. 10 красавіка я адзначаўся ў цэнтры занятасьці гораду Петрыкаў. Ёсьць яшчэ сьведкі, якія пацьвярджаюць, што я ў гэты час быў у горадзе Петрыкаў. І таму можна загадзя сказаць, што правакацыя, якая была супраць мяне арганізаваная, павінна пацярпець паразу. Але зайшоўшы ўчора ў Петрыкаўскі райвыканкам, я зноў убачыў два пратаколы (адразу два!), што аказваецца, я тры разы запар прыяжджаў зь Петрыкава ў Менск і тройчы у адным і тым жа месцы ў адзін і той жа час (19.00) кідаў сьмецьце, і пры гэтым быў адзін і той жа сьведка, які бачыў, як я гэта рабіў”. (Карэспандэнт: ) “Ці зьбіраецеся Вы, спадар Герасіменка, нейкім чынам зьвярнуць увагу на гэтую справу з боку грамадзкасьці, міжнародных арганізацыяў?” (Герасіменка: ) “Паколькі сёньня ў Беларусі любая справа толькі тады дае вынік, калі яна знаходзіцца перш-наперш пад кантролем АБСЭ, я маю намер на наступным тыдні перадаць такую заяву кіраўніку місіі АБСЭ ў Беларусі спадару Віку”. Вось такая дзіўная гісторыя адбываецца з дэпутатам Герасіменкам. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |