RFE/RL |
Серада, 14 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
На Віцебшчыне мясцовыя кіраўнікі раённых адміністрацыяў зьвярнуліся да кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстановаў з пераканаўчымі просьбамі, каб тыя ўзялі пад асабісты кантроль правядзеньне і, асабліва, якасьць ведамаснай ды індывідуальнай падпіскі на газэты й часопісы на другое паўгодзьдзе. У лістах на афіцыйных блянках гаворыцца, што пільную ўвагу трэба зьвярнуць на часопіс “Беларуская думка” адміністрацыі Лукашэнкі і рэспубліканскія газэты “Советская Белоруссия”, “Рэспубліка”, “Звязда”, “Народная газета”, “Знамя Юности”, “Чырвоная змена”, а з мясцовых — на абласныя “Віцебскі рабочы”, “Народнае слова” і гарадзкую “Віцьбічы”, а таксама на раённыя дзяржаўныя выданьні. Пры гэтым, напрыклад, адразу прыведзены кошт і разьліковы рахунак інфармацыйнага бюлетэня Адміністрацыі Лукашэнкі, на які, зразумела, прадпремствы й установы абавязаныя падпісацца, бо ў плацёжных дакумэнтах, накіраваных у сталіцу на Маркса, 38, павінны ўказаць дакладны адрас атрымальніка. Калі па ведамаснай падпісцы кіраўнікі да 20-га чэрвеня справаздачы зробяць даволі лёгка – грошай не са сваёй кішэні не шкада, то індывідуальная падпіска выклікае вялікія цяжкасьці. Як прымусіць плаціць простага рабочага, у якога ўжо вылічылі адпаведныя падаткі, частка якіх ідзе й на ўтрыманьне дзяржаўнай прэсы? Яму б пракарміць сям’ю на свой сьціплы заробак, які, дарэчы, у сярэднім ніжэйшы, чым у іншых рэгіёнах рэспублікі. Яшчэ горш размаўляць з бюджэтнікамі, заробкі якіх сыстэматычна затрымліваюцца. Ды й далёка ня ўсім даспадобы афіцыйнае слова. Нялёгка й калектывам мясцовых дзяржаўных выданьняў. Сродкаў у сучасных умовах катастрафічна не хапае. Пра гэта рэдактары скардзіліся на нарадзе ва Ўправе друку аблвыканкаму. Яе кіраўнік Ігар Сухамера паабяцаў цэнтралізаванае разьмеркаваньне паперы для дзяржаўных газэтаў, а таксама дапамогу з падпіскай. Што і выконваецца тыповымі партыйна-савецкімі мэтадамі. Алег Жукоўскі, Віцебск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |