RFE/RL |
Серада, 14 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Прымірэнчым пагадненьнем скончылася сёньня судовая спрэчка паміж журналістам Яраславам Беклямішавым і кіраўніцтвам Белтэлерадыёкампаніі ў Першамайскім судзе Менску. Сёньня ў Першамайскім судзе Менску разглядаўся грамадзянскі пазоў Яраслава Беклямішава да кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі ў аднаўленьні на працы. Нагадаем: Яраслаў Беклямішаў быў звольнены з працы 9 сакавіка пасьля выхаду праграмы “Крок” з удзелам Юрыя Хашчавацкага. Фармулёўка звальненьня была вельмі блытаная. Прычынаю сталі нібыта нейкія парушэньні ў мікрафоннай тэчцы. Пасьля звароту ў суд кіраўніцтва кампаніі прапанавала Яраславу Беклямішчаву прымірэнчае пагадненьне. Умовы наступныя: Беклямішчаў адмаўляецца ад пазову ў аднаўленьні на працы і падае заяву пра звальненьне на ўласнае жаданьне з 14 чэрвеня, зь сёньняшняга дня. А кіраўніцтва кампаніі выплочвае сярэдні штомесячны заробак журналісту па сёньняшні дзень за той час, што ён не працаваў. Яраслаў Беклямішаў пагадзіўся на гэтыя ўмовы. Вось як ён пракамэнтаваў сваё рашэньне “Радыё Свабода”: (Беклямішаў: ) “Рэч у тым, што ні сёньня, ні заўтра, ні пасьлязаўтра я не магу працаваць на Беларускім тэлебачаньні з адной простай прычыны – ня з гэтай камандай, ня з гэтай уладай, ня ў гэтай палітыцы. Зараз Беларускае тэлебачаньне пераходзіць на новую стадыю, так бы мовіць. Стадыя “А” была, калі нехта зь вядучых даказвалі, што нашая ўлада – сапраўдная ўлада. Зараз нікога ў гэтым не пераканаеш. Чалавек прыходзіць у краму і адразу бачыць, што сабой уяўляе цяперашняя ўлада. Сёньня пачаўся працэс “Б”. Нікому не патрэбная на Беларускім тэлебачаньні публіцыстыка, нікому не патрэбныя людзі, здольныя думаць. Патрэбная толькі “развлекуха”. Надыходзіць час вялікага шоў. Гэта будзе “нашы песьні – нашае жыцьцё”, “сталічны гіт”, яшчэ нейкія праграмы пра гіты. Праўда, пасьля гэтага наступае стадыя “С”: пошук ворагаў народу. Хутка й гэта будзе. Я адразу магу сказаць, што проста адмаўляюся працаваць на цяперашнім Беларускім тэлебачаньні, у сучасных умовах пры сучаснай уладзе”. Судзьдзя Анатоль Аніскевіч вызначыў зацьвердзіць прымірэнчае пагадненьне й папярэдзіў прадстаўнікоў Белтэлерадыёкампаніі, што ў выніку невыкананьня ўмоваў пагадненьня судом будзе адасланы выканаўчы ліст. Любоў Лунёва, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |