RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 14 Чэрвеня 2000

Сёньня



Дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Анатоль Лябедзька і Ўладзімер Нісьцюк накіраваліся ў Бухарэст. Туды іх запрасіў кіраўнік рабочае групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын.

6 ліпеня ў сталіцы Румыніі пачнецца чарговая, 9 сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Кіраўнік рабочае групы ў справах Беларусі Адрыян Севярын мае намер прапанаваць сэсіі прыняць адмысловую рэзалюцыю адносна становішча ў Беларусі. Цяпер група Севярына зьбірае інфармацыю, неабходную для падрыхтоўкі дакумэнту. З гэтай мэтаю яна й запрасіла Анатоля Лябедзьку і Ўладзімера Нісьцюка – сталых сяброў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ад Беларусі. Уладзімер Нісьцюк так камэнтуе гэтую паездку:

(Нісьцюк: ) “У мінулым годзе адбылася вельмі недарэчная рэч. Калі мы з Анатолем Лябедзькам прыехалі на сэсію Парляманцкай асамблеі АБСЭ ў Санкт-Пецярбург і атрымалі ўсе паперы, якія былі падрыхтаваныя перад паседжаньнем, убачылі там Рэзалюцыю ў справе Беларусі, якой мы да гэтага ня бачылі і нават пра яе ня чулі. Яе падрыхтавала група Адрыяна Севярына і шэраг палітыкаў – дэпутатаў парлямантаў эўрапейскіх, і яна нас не зусім задавальняла. Мы зрабілі такую спробу нешта там паправіць. Зьвярнуліся ў Сакратарыят. Нам кажуць: гэта не адпавядае працэдуры. Працэдура парушаецца. Аб 11 гадзіне пачалося паседжаньне, і ад гэтага моманту праўкі ўжо не прымаюцца. І ў гэтым годзе прагучэла такая ініцыятыва з боку АБСЭ, групы Адрыяна Севярына, каб такіх недарэчнасьцяй больш не адбывалася, каб мы ўзялі ўдзел у падрыхтоўцы праекту рэзалюцыі адносна Беларусі перад самой сэсіяй. Каб выпрацавалі нейкі кансалідаваны праект і вынесьлі яго на сэсію Парляманцкай асамблеі. Было прынятае такое рашэньне: выехаць невялікай групай на чале са спадаром Рэвалье ў Бухарэст, сустрэцца зь Севярынам, па-магчымасьці, зь сябрамі ягонай групы, каб разам папрацаваць над праектам”.

Беларускія дэпутаты хочуць сустрэцца з Адрыянам Севярынам і яшчэ з аднае прычыны. Іх вельмі хвалюе, наколькі адпавядае рэчаісьнасьці прыпісанае Севярыну выказваньне, пад час ягонае нядаўняе сустрэчы з Генадзем Селязьнёвым. У інфармацыі пра вынікі тае сустрэчы паведамлялася, што спадар Севярын быццам бы паабяцаў сьпікеру расейскае Думы паўплываць на беларускую апазыцыю, каб дамагчыся ейнага ўдзелу ў заплянаваных на восень парлямэнцкіх выбарах.

На апошнім паседжаньні Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў адзін з кіраўнікоў Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Сяргей Папкоў зьвярнуўся да амбасадара Віка з просьбаю даць камэнтар да выказваньня Севярына. Аднак Вік тады адмовіўся ад камэнтара, паколькі апошні раз ён размаўляў зь Севярынам яшчэ да сустрэчы таго зь Селязьнёвым.

А ўчора ўвечары КНГ АБСЭ распаўсюдзiла тлумачэньнi Адрыяна Севярына, дзе ён пiша, што пад час вiзыту ў Маскву не рабiў анiякiх заяваў для прэсы i лiчыць, што рашэньне пра ўдзел цi няўдзел у выбарах зьяўляецца правам i абавязкам кожнай асобнае палiтычнае партыi, у тым лiку i апазыцыйных партыяў Беларусi. Аднак, пiша спадар Севярын, “зыходзячы са свайго асабiстага досьведу, я лiчу, што байкот i няўдзел у выбарах не зьяўляюцца эфэктыўнай зброяй пасьпяховага палiтычнага змаганьня”.

Уладзімер Глод, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org