RFE/RL |
Серада, 14 Чэрвеня 2000 |
Сёньня: |
Славутаму беларускаму сьпеваку Міхалу Забэйду-Суміцкаму спаўняецца сто гадоў. Аднак нават гэтая юбілейная дата ня стала падставаю, каб нарэшце вартасна ўшанаваць на радзіме ягоны шырока прызнаны за межамі непаўторны талент. Сто гадоў таму ў вёсцы Шэйпічы, што на Пружаншчыне Берасьцейскае вобласьці, у сям’і Івана Забэйды ды Аляксандры Суміцкай нарадзіўся хлопчык, якога Бог пазначыў сваёй адмысловай іскрынкаю. Хлопчык адмалку хацеў сьпяваць. Ня толькі працуючы ў полі. Ня толькі за сямейным сьвяточным сталом. Хлопчык хацеў сьпяваць на сцэне. Вучыцца ж не было дзе. Таму Міхаська без ахвоты засвойвае навуку ў Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі, разам зь якою ў часе першае ўсясьветнае вайны эвакуюецца ў Смаленск. Адкуль пасьля перамогі бальшавікоў зьяжджае ў Харбін. І там лёс зводзіць яго са славутымі расейскімі майстрамі опэрнае сцэны. Яны й далі юнаку першыя прафэсійныя ўрокі вакальнага мастацтва. Спачатку была сцэна опэрнага тэатру ў Харбіне. У 1932 годзе ён спаўняе нарэшце сваю мару пра радзіму опэрнага мастацтва ды пераяжджае ў Італію, дзе з посьпехам выступае ў знакамітым “La Skala”. У 1935 годзе ён становіцца артыстам Познаньскага опэрнага тэатру, а яшчэ праз два гады – салістам Варшаўскага радыё. Але ні на дзень не пакідае яго мара сьпяваць на радзіме. Лучыцца зь якою заставаўся адзіны спосаб – празь песьню. І яна загучала з вуснаў знакамітага ўжо на ўсю Эўропу лірычнага тэнара. Заходні слухач упершыню пачуў у канцэртных праграмах опэрнага сьпевака беларускі песенны фальклёр. З кожнага канцэртнага турнэ ён прывозіў у сваю маленькую праскую кватэру, дзе ад 40-га году жыў, кружэлкі з запісамі родных песьняў. Адусюль, толькі не з радзімы, у якой ён быў і невядомы, і нежаданы. Пад час нямецкай акупацыі ўдалося прыехаць ненадоўга. Сьпяваў у Вільні й Ваўкавыску. За што быў зьвінавачаны бальшавікамі “за сувязь зь немцамі”, а немцамі – “за сувязь з партызанамі”. Цудам пазьбег сьмерці. Але той прыезд прарваў усё ж шчытную заслону няведаньня. Таемная слава ў асяродку сьвядомае беларускае інтэлігенцыі жыла ажно да адліжных хрушчоўскіх 60-х. Сёй-той адважваўся наведваць праскага салаўя, апынаючыся ў Чэхаславаччыне. Яны ж і спрычыніліся да наладжаньня першых і адзіных гастроляў Міхала Забэйды-Суміцкага па савецкай Беларусі. Той ягоны прыезд на радзіму ў 1963 і да сяньня не забываць тут многія, хто патрапіў тады на канцэрты. У іх ліку – паэт Сяргей Грахоўскі. Ягоныя ўспаміны вы пачуеце ў нашай праграме пазьней. Але такіх адносінаў да славутага суайчыньніка ня мае бальшыня беларусаў. Сьцяна маўчаньня па-ранейшаму ахутвае талент знакамітага сьпевака. Не выходзяць запісы ягоных сьпеваў, не выдаюцца альбомы пра ягоны непаўторны талент, не ладзяцца канцэрты памяці. Нават да сотых ўгодкаў сёньня адбудзецца толькі камэрная вечарына ў сталічным доме дружбы. Опэрная сцэна на радзіме аказалася зачыненай для Міхала Забэйды-Суміцкага як пры жыцьці, гэтак і пасьля сьмерці. Толькі ў невялікім коле знаёмцаў шчымліва льецца з зацёртых замежных кружэлак ягоны – Богам дадзены – голас. Валянціна Аксак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |