RFE/RL |
Аўторак, 13 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Прыхільнікі і праціўнікі прэзыдэнта Сірыі Хафэза Асада, які ва ўзросьце 69 гадоў памёр у сыботу ў Дамаску, выступаюць з прагнозамі наконт будучыні ягонай краіны і ўсяго Блізкага Ўсходу. Сярод камэнтароў пераважае погляд, што сьмерць сірыйскага дыктатара можа сымбалізаваць сабой пачатак новай эры ў мірным працэсе на Блізкім Усходзе. Хафэз Асад амаль аднаасобна кіраваў Сірыяй на працягу апошніх 30 год. За гэты час ён зарэкамэндаваў сябе ў якасьці найбольш пасьлядоўнага і бескампраміснага праціўніка Ізраілю. Ягонае імя стала сымбалем жорсткай канфрантацыі арабскага сьвету з габрэйскай дзяржавай, сымбалем пэрманэнтнасьці Блізкаўсходняга крызысу. Вядомы амэрыканскі палітычны камэнтатар Вільям Сэфайэр на старонках “New York Times” камэнтуе сьмерць Асада наступным чынам: “Калі б мы паспрабавалі скласьці сьпіс добрых справаў Асада, дык давядзецца прыгадаць толькі адну: ён быў ворагам ірацкага лідара Садама Гусэйна. На гэтым сьпіс сканчаецца. У сьпіс жа нэгатыўных справаў Асада можна ўключыць ягоны шчыльны саюз з савецкім камунізмам, забойства тысячаў праціўнікаў рэжыму ў месьце Гама, ягоную выразную падтрымку тэрарыстаў ва ўсім сьвеце, ваенную акупацыю Лівану, і самае галоўнае – ягоную сталую нянавісьць да Ізраілю”. Іншая ўплывовая амэрыканская газэта “Вашынгтон пост” у сваім рэдакцыйным камэнтары называе Асада “жорсткім дыктатарам”. “Гісторыкам, - піша газэта, - трэба будзе моцна пакорпацца ў ягонай біяграфіі, каб знайсьці нейкія пазытыўныя рысы. Ён увасабляў сабой асобу, якая характарызавалася выключнай надзейнасьцю. Але гэтая надзейнасць мела нэгатыўны прысмак. Ён быў прадказальны, надзейны ў сваёй варожасьці да Ізраілю, надзейны ў падтрымцы тэрарызму”. Пэсымістычна глядзіць на пэрспэктывы разьвіцьця сытуацыі на Блізкім Усходзе пасьля сьмерці Хафэза Асада і вядучы палітычны камэнтатар нашага радыё Пол Гобл. На ягоную думку, канец эры Асада можа сымбалізаваць сабой пачатак пэрыяду дэстабілізацыі ягонай уласнай краіны, можа падарваць пэрспэктывы мірнага ўрэгуляваньня на Блізкім Усходзе і ажывіць гэапалітычную канфрантацыю паміж Масквой і Захадам. Асад быў хворы на працягу некалькіх апошніх гадоў. І хаця ягоная сьмерць чакалася, яна сымбалізуе сабой выразны “тэктанічны зрух” у палітычнай сытуацыі рэгіёну, дзе раней нават малыя зьмены былі ў стане выклікаць моцны палітычны землятрус. Як і іншыя дыктатары, якія ўсьведамляюць сваю блізкую сьмерць, Асад даўно рыхтаваў сабе замену. І вось цяпер паслухмяныя сірыйскія парлямантары як па камандзе прынялі адпаведныя зьмены ў Канстытуцыю краіны, каб дазволіць ягонаму сыну – 34-гадоваму Башару – заняць пасаду прэзыдэнта Сірыі. Кіруючая партыя краіны Баас, якая кантралюе парлямант, ужо прыняла пастанову аб падтрымцы кандыдатуры Башара. Хто ж такі Башар Аль Асад? Чаго можа чакаць народ Сірыі і сьвет ад ягонага кіраваньня? Гэтае пытаньне камэнтуе экспэрт ірацкай службы радыё “Свабодная Эўропа-Свабода” Камран аль Карадагі: (Карадагі: ) “Розьніца паміж бацькам і сынам, мяркуючы па тых фактах, якія мы ведаем пра сына, гэта, перш за ўсё, розьніца ўзросту. Па-другое, сын сапраўды гатовы да зьменаў. На маю думку, адбудзецца нейкая зьмена ў стылі кіраваньня краінай, але ня будзе фундамэнтальнай зьмены ў сірыйскай замежнай палітыцы ў дачыненьні да блізкаўсходняга мірнага працэсу. Я думаю, што ў Сірыі зьявіцца новая форма адкрытасьці. Сірыя адкрыецца Захаду і іншым краінам сьвету. Аб гэтым мы можам меркаваць, аналізуючы апошнія два гады жыцьця Башара Аль Асада, калі ён рыхтаваўся пераняць уладу пасьля сьмерці свайго бацькі. Ён вучыўся на Захадзе. Ён вывучаў камунікатыўную інфарматыку. Ён прадказваў, ён гаварыў пра тое, што Сірыя будзе адкрытай краінай, што будуць існаваць новыя адносіны паміж Сірыяй і рэштай сьвету”. Сьмерць Хафэза Асада прыцягвае ўвагу палітычных камэнтатараў сьвету да праблемы пераемнасьці ўлады ў арабскім сьвеце. Бальшыня кіраўнікоў арабскіх краінаў маюць абсалютную ўладу, але яны ў даволі сталым узросьце. Каралю Саўдаўскай Аравіі Фахду – за 70. Прэзыдэнту Эгіпту Мубараку – 71, столькі ж – лідару палестынскай аўтаноміі Ясіру Арафату. Нават калі гэтыя лідары вызначаюць сабе наступнікаў, справа далёка ня пэўная. Ярданскі кароль Гусэйн на працягу амаль 35 гадоў трымаў свайго брата ў якасьці свайго наступніка, але за два месяцы да сваёй сьмерці прызначыў наступным каролём свайго сына Абдулу. Ёсьць думка, што арабскія лідары спэцыяльна пакідаюць пытаньне пра свайго
наступніка адкрытым дзеля таго, каб не ствараць сытуацыю, якая б спрыяла
зьяўленьню моцнага канкурэнта. Яны баяцца, што наступнік можа стаць нагэтулькі
моцным, што зможа пазбавіць іх улады.
Хафэз Асад, як і лідар Іраку Садам Гусэйн, лічыць, што ён можа давяраць наступніку толькі са сваёй уласнай сям’і. Гусэйн, як і Асад, усё больш і больш улады канцэнтруе ў руках сваіх сыноў: Удая і Кусая. На думку аналітыкаў, улада ў шматлікіх арабскіх краінах, якія лічацца рэспублікамі, мала чым адрозьніваецца ад абсалютных манархіяў. У гэтых варунках парляманты пераўтвараюцца ў тыпова марыянэткавыя ворганы, ад якіх нішто не залежыць. Біл Квант – экспэрт у блізкаўсходніх справах Бруклінскага Інстытуту – лічыць, што занадта доўгае знаходжаньне пры ўладзе адных і тых жа асобаў можа быць вельмі небясьпечнае для краіны. “Цэлыя пакаленьні мясцовых палітыкаў, – піша ён, – ня маюць магчымасьці атрымаць неабходны вопыт у кіраваньні краінай. А калі лідары паміраюць (кіраваць вечна яны ж ня могуць), зьяўляецца небясьпека палітычнага вакуму ў краіне”. На думку Біла Кванта, пэрыяд смуты, які часта наступае пасьля сьмерці абсалютнага доўгагадовага кіраўніка – гэта найлепшы аргумэнт, каб скончыць з гэтай дрэннай традыцыяй. Сьмерць Хафэза Асада прымушае задумацца пра сутнасьць амаль 30-гадовага ягонага дыктатарскага кіраваньня Сірыяй. Але адначасна яна нараджае надзею на пазытыўныя зьмены ў рэгіёне. Зьмены, якія актыўна падтрымлівае і для якіх працуе дыпляматыя Эўрапэйскага Зьвязу і ЗША. Нездарма прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан абвясьціў дасягненьне міру на Блізкім Усходзе галоўным заданьнем свайго апошняга году на пасадзе прэзыдэнта. Мікола Іваноў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |