RFE/RL |
Аўторак, 13 Чэрвеня 2000 |
Сёньня: |
Аляксандар Лукашэнка правёў нараду, прысьвечаную абмеркаваньню сытуацыі ў аграпрамысловым комплексе. Пад час нарады Лукашэнка паспрабаваў вырашыць адразу некалькі пытаньняў. Першае – гэта тактычныя мэты беларускае сельскае гаспадаркі. Інакш кажучы, дзяржава хацела б упершыню за апошнія тры гады вырасьціць і сабраць нармальны ўраджай. Былі разгледжаныя пытаньні пра нарыхтоўку кармоў, падрыхтоўку тэнікі да жніва. Таксама абмяркоўвалася сытуацыя ў рэгіёнах. Дарэчы, апошнім часам дзяржаўныя чыноўнікі сталі больш жорстка кантраляваць сытуацыю ў правінцыі. Віцэ-прэм’ер ураду Аляксандар Папкоў паабяцаў, што сёлета ў Віцебскай вобласьці ўраджайнасьць збожжа складзе 30 цэнтнэраў з гэктару. Праўда, сур’ёзных падставаў да такіх спадзяваньняў няма. Многія незалежныя экспэрты лічаць, што сёлетні ўраджай будзе на 30 адсоткаў меншы за леташні, які быў адным з самых нізкіх за апошняе дзесяцігодзьдзе. Падобна, ва ўрадзе ня вельмі спадзяюцца на ўласны ўраджай – ужо падрыхтаванае рашэньне пра тое, што беларускія камбайнэры пад час жніва паедуць працаваць у Краснадарскі край. Адпаведнае рашэньне прыняў Менскі аблвыканкам. Разьлікі будуць весьціся збожжам з разьліку 15-20 адсоткаў ад таго, што было сабрана. На кожную адзінку адпраўленай тэхнікі ў выканкаме разлічваюць атрымаць па 110 тонаў збожжа. Пры Лукашэнку ў Беларусі ўвогуле ні разу не ўдалося сабраць добры ўраджай. Пазалетась гэтаму перашкодзіла паводка, летась – засуха. Сёлета праблемы пачаліся ўвесну, калі былі замаразкі. Значную частку плошчаў давялося перасяваць. Дарэчы, у Летуве, дзе клімат амаль такі ж, як і ў Беларусі, у тыя ж самыя гады з ураджаем было ўсё ў парадку. Другое пытаньне сёньняшняй нарады – дапамога сялянам у нарыхтоўцы кармоў. Праўда, людзям на дапамогу разьлічваць не выпадае – Лукашэнка параіў кожнаму селяніну нарыхтаваць адну-дзьве тоны кармоў самастойна, пажадана на няўдобіцах. А ўжо потым дзяржава дапаможа. Лукашэнка таксама паабяцаў разабрацца з праблемаю своечасовае выплаты заробкаў у калгасах. Праўда, адкуль у гаспадарак зьявяцца на гэта грошы, застаецца таямніцаю. Паводле словаў Лукашэнкі, дзяржава больш не дазволіць падвышаць кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю. Ён лічыць, што коштам і так больш няма куды расьці. Лукашэнка заявіў, што склады дзяржаўнага рэзэрву перапоўненыя, таму што ніхто ня хоча набываць беларускую прадукцыю па такіх высокіх цэнах. Ганна Навумовіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |