RFE/RL |
Аўторак, 13 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прызначыў мусульманскага духоўнага лідэра - муфція Ахмэда Кадырава - кіраўніком Чачні. Аглядальнікі лічаць, што гэткім чынам Крэмль хоча адначасова дасягнуць некалькіх мэтаў: легітымізаваць ваенную апэрацыю ў Чачні, перацягнуць на свой бок частку насельніцтва рэспублікі і ўмацаваць кантроль над рэгіёнам. Прызначэньне Кадырава супала з актывізацыяй дзейнасьці чачэнскіх партызанаў. Яны праводзяць атакі нават на тэрыторыях, якія цалкам кантралююць расейскія сілы, і зараз кіраваць рэспублікай стала яшчэ цяжэй, чым калі-небудзь. Сама сталіца Грозны, узятая пад расейскі кантроль зь вялікімі цяжкасьцямі і ахвярамі, зараз зьяўляецца арэнай жорсткіх баёў. Расейскае камандаваньне пацьвердзіла, што толькі за апошнія суткі чачэнцы правялі 22 атакі на расейскія аб’екты. Прадстаўнік чачэнскага ўраду Маўладзі Ўдугаў заявіў, што зараз партызаны ўсё часьцей скарыстоўваюць тактыку, і гэта сьведчыць пра рашучасьць чачэнцаў працягваць барацьбу. Ахмэд Кадыраў ня быў адзіным кандыдатам на пасаду пра-маскоўскага кіраўніка рэспублікі. Крэмль разьлічвае на плённае супрацоўніцтва таксама зь іншымі чачэнскімі лідэрамі, ляяльнымі ў дачыненьні да Масквы. Адным зь іх зьяўляецца былы мэр Грознага Біслан Гантаміраў. Ён сядзеў у расейскай турме за фінансавыя махінацыі, аднак улады вызвалілі яго, калі той арганізаваў азброеную групоўку, якая пачала ваяваць на расейскім баку. Ягоным імем названая адна з вуліцаў Грознага, а ягоныя падначаленыя адказваюць за ўтрыманьне правапарадку ва Ўрус-Мартане. Аднак, Гантаміраў аказаўся маланадзейным саюзьнікам. У выніку расейскія ўлады адабралі ў яго камандаваньне азброенай групоўкай на той падставе, што ён ня можа навесьці ў ёй парадак і дысцыпліну. Проста многія падначаленыя Гантамірава пакінулі яго, забраўшы з сабою зброю. Кандыдатамі на пасаду кіраўніка Чачні былі таксама: Руслан Хасбулатаў, былы спікэр расейскага парляманту, а таксама маскоўскі бізнэсовец чачэнскага паходжаньня Малік Сайдулаеў. Аднак, найбольш выгадным для сябе Масква палічыла Ахмэда Карымава, хаця ён толькі нядаўна перайшоў на бок Масквы. У часе першай вайны ў гадох 94-96 муфці падтрымоўваў Масхадава. Аднак, летась Кадыраў зьмяніў пазыцыю, дапамог расейскім сілам арганізаваць аблогу Гудэрмэсу і сустрэўся з Уладзірам Пуціным. “У Чачні няма месца для тых, хто прынес ў рэспубліку зло і вайну. Я бачу будучыню рэспублікі без вайны”, – заявіў Кадыраў яшчэ ў студзені. Ён публічна выказаўся за разьмяшчэньне ў рэспубліцы расейскіх сілаў, паколькі самі чачэнцы ня ў стане урэгуляваць рознагалосьсі паміж сабою. Прызначэньне Кадырава прывіталі некаторыя ўплывовыя расейскія генэралы. Камандзір расейскіх сілаў на Паўночным Каўказе Трошаў выказаў думку, што “з часам чачэнцы змогуць абраць іншага кіраўніка адміністрацыі, але зараз, на пераходны пэрыяд, Кадыраў зьяўляецца найлепшым кандыдатам, паколькі ўсе чачэнцы ведаюць яго”. Аднак, прэзыдэнт Чачні Аслан Масхадаў назваў Кадырава здраднікам, і, відавочна, гэтак лічаць многія чачэнцы. Кадыраў ужо быў аб’ектам некалькіх замахаў, уключна з бомбавым нападам, на мінулым месяцы. У выніку быў паранены сын муфція. Зараз ён перамяшчаецца ў аўтамабілі з прыцемненымі шыбамі ў атачэньні целаахоўнікаў, відавочна адчуваючы сябе вельмі няўпэўнена. Аптымістычныя спадзяваньні Крамля наконт Кадырава і ягонай адміністрацыі не падзяляюць нават пра-маскоўскія чачэнскія лідэры. Яны перакананыя, што Кадыраву будзе вельмі цяжка ўтрымацца пры ўладзе, і тым болей – згуртаваць вакол сябе народ. Кастусь Бандарук
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |