RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 12 Чэрвеня 2000

Сёньня:



Супрацьстаяньне міністра абароны Аляксандра Чумакова й старшыні камісіі ў справе мэдычнага асьведчаньня кіраўніцкага складу Ўладзімера Мялюшкі скончылася тым, што шэрагоўцу Мялюшку пасьля ўмяшаньня галоўнакамандуючага Лукашэнкі вернутыя пагоны палкоўніка.

У мінулую пятніцу Ўладзімеру Мялюшку аднавілі вайсковае званьне й службовую пасаду. Але на гэтым ягоная кар’ера заканчваецца. Міністар абароны Чумакоў зрабіў усё дзеля таго, каб, так бы мовіць, “небясьпечны палкоўнік” зноў не пачаў цікавіцца станам ягонага здароўя.

Нагадаю, што двойчы ў якасьці старшыні мэдычнае камісіі Мялюшка дакладваў Лукашэнку, што некаторыя супрацоўнікі сілавых ведамстваў на падставе дыягназаў павінны пакінуць свае пасады. Калі тагачасны міністар унутраных справаў Агалец, сапраўды, падаў у адстаўку, дык Чумакоў расцаніў рэкамэндацыю як інтрыгу ворагаў. У сакавіку Чумакоў звольніў Мялюшку з пасады й пазбавіў вайсковага званьня. З таго часу Мялюшка пачаў дамагацца рэабілітацыі праз вайсковы суд. І тут нечакана ў справу ўмяшаўся Аляксандар Лукашэнка.

З аднаго боку, генэрал-палкоўніку Чумакову не засталося нічога, як зьмірыцца з паражэньнем. З другога, ужо ў суботу, адмяніўшы свой ранейшы загад, міністар выдаў новы: звольніць Мялюшку паводле стану здароўя на падставе рашэньня цэнтральнае вайсковае камісіі. Такім чынам, міністар імкнецца канчаткова разьвітацца са сваім апанэнтам.

Мялюшка кажа, што й сам ня мае жаданьня сустракацца з Чумаковым, але таму прыйдзецца крыху патрываць. Прынамсі, да таго часу, пакуль Міністэрства абароны не кампэнсуе ўсе судовыя выдаткі. Менавіта пра гэта ён заявіць на наступным паседжаньні суду 20 чэрвеня.

Разам зь Мялюшкам адноўленыя на працы ягоныя намесьнікі – прафэсар Бова й палкоўнік Кірылаў. Але вяртацца на старое месца ніхто не зьбіраецца – няма ніякіх гарантыяў, што перасьлед не працягнецца.

Што тычыцца Мялюшкі, дык ён кажа, што за такі нечаканы паварот падзеяў удзячны перш за ўсё журналістам недзяржаўных СМІ: толькі пасьля шэрагу публікацыяў Лукашэнка вымушаны быў зьвярнуць увагу на самавольства пад дахам Міністэрства абароны. Да таго ж, камісія, якую ўзначальваў Мялюшка, была ў непасрэдным падначаленьні Лукашэнкі. І апошні павінен быў рэагаваць на незаконныя дзеяньні міністра неадкладна, а не назіраць за разьвіцьцём падзеяў амаль чатыры месяцы.

Гаворыць Уладзімер Мялюшка:

“Я разьлічваў, што ўмяшаньне адбудзецца хутчэй. Чым далей сытуацыя заходзіла, тым меншымі рабіліся спадзяваньні. Але зараз я павінен усё давесьці да канца. Каб не падманулі па дарозе. Прапануюць міравое пагадненьне, але ня кажуць, хто канкрэтна мне верне грошы. Да таго ж, мне трэба, каб у загадзе больш не гучала, што я сфальсыфікаваў дыягназ Чумакова і ўзьдзейнічаў на сябраў камісіі. Як я магу ўзьдзейнічаць на акадэмікаў? Нават з гэтых пазыцыяў мне трэба ўсё давесьці да канца”.

Фармальна загад Лукашэнкі павінен прадубляваць вайсковы суд, які ўсё яшчэ разглядае пазоў Мялюшкі да міністра абароны. Але, апярэджваючы падзеі, Мялюшка канстатуе, што ў пятніцу зноў адчуў сябе чалавекам. Упершыню за чатыры месяцы, праведзеныя ў ролі шарагоўца, ён зноў атрымае заробак. Вырашылася й пытаньне з пэнсіяй: калі б супрацьстаяньне працягвалася, дык, пачынаючы з 3 жніўня, калі Мялюшку споўніцца 50 год, ён наогул застаўся б без сродкаў на існаваньне. І галоўнае, створаны прэцэдэнт, калі можна не толькі спрабаваць змагацца з сыстэмаю, але й дамагацца пазытыўнага выніку.

Ігар Карней, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org