RFE/RL |
Панядзелак, 12 Чэрвеня 2000 |
Сёньня: |
Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў лічыць, што «адзіным выйсьцем з канстытуцыйнага й палітычнага крызысу зьяўляюцца перамовы паміж уладаю і палітычнай апазыцыяй у фармаце, вызначаным міжнароднымі дакумэнтамі пры пасярэдніцтве КНГ АБСЭ…». Пра гэта гаворыцца ў сёньняшняй заяве Кансультацыйнае рады. Сёньняшняя заява прысьвечаная завяршэньню першага этапу гэтак званага «шырокага грамадзка-палітычнага дыялёгу». У ёй падкрэсьліваецца: у адрозьненьне ад рэальных перамоваў, пад час «дыялёгу» не прымаюцца рашэньні, абавязковыя да выкананьня. Дакумэнты «дыялёгу» зьяўляюцца толькі рэкамэндацыямі, паводле свайго праўнага статусу яны нічым не адрозьніваюцца ад звычайнага звароту шэраговага грамадзяніна да ўлады. На думку Кансультацыйнае рады. цяперашні «дыялёг» – гэта толькі прапагандысцкая кампанія, якая адбываецца на спэцыфічным палітычным тле: узмацніліся рэпрэсіі ў адносінах да палітычнай апазыцыі. Вынесены абвінаваўчы прысуд Міхалу Чыгіру, не заведзеная крымінальная справа ў сувязі са зьбіцьцём аднаго зь лідэраў Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Юрася Беленькага. Нягледзячы на афіцыйную заяву Аляксандра Лукашэнкі, што афіцыйны бок забавязваецца не пагаршаць становішча апазыцыі, улада спрабавала перашкодзіць правядзеньню IV зьезду Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі «Народная Грамада». Між тым, аніякіх зрухаў у правядзеньні кансультацыяў паміж экспэртамі ад апазыцыі і ўладаў дагэтуль няма. Упаўнаважаны на іхную арганізацыю з боку Кансультацыйнае рады прафэсар Юры Хадыка сёньня паведаміў, што аніякай новай інфармацыі ён ня мае. Ня мае яе і група АБСЭ ў Беларусі. У афіцыйных размовах прадстаўнікі ўладаў тлумачаць затрымку адпачынкам першага намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Русакевіча, які, быццам бы дабразычліва ставіцца да ідэі перамоваў. Пад час неафіцыйных кантактаў кажуць пра тое, што зараз гэтае пытаньне курыруе памочнік Лукашэнкі Сяргей Посахаў, якому, наадварот, гэтая ідэя не даспадобы. А таму трэба чакаць вяртаньня Русакевіча. Але падобна на тое, што такія размовы хутчэй накіраваныя толькі на зацягваньне часу. Здаецца, гэта ўжо зразумеў і кіраўнік групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік. На апошнім паседжаньні Кансультацыйнае рады, паводле інфармацыі ягоных удзельнікаў, амбасадар Вік, бадай, упершыню сказаў, што верагоднасьць перамоваў паміж уладмі і апазыцыяй вельмі й вельмі малая. І таму амбасадар лічыць, што хутка надыйдзе час вызначацца зь беларускім пытаньнем. Магчыма, нейкая дадатковая інфармацыя будзе атрыманая пад час чарговага візыту «тройкі» ў Менск. Ён адбудзецца з 20 па 22 чэрвеня. А 28 чэрвеня ў Вене пройдзе другая тэхнічная канфэрэнцыя ў пытаньні назіраньня за выбарамі ў Беларусі. Ейныя ўдзельнікі зноўку вернуцца да абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі. Праўда, спадар Вік ня думае, што рашэньне аб накіраваньні назіральнікаў на парлямэнцкія выбары будзе прынятае менавіта 28 чэрвеня. Застаецца яшчэ чатыры тыдні на роздум, – лічыць кіраўнік КНГ АБСЭ ў Беларусі. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |