RFE/RL |
Панядзелак, 12 Чэрвеня 2000 |
Сёньня |
Гімназія не для беларускамоўных вучняў – так вырашыла сталічнае адукацыйнае начальства, прымаючы рашэньне пра наданьне сярэдняй школе № 146 гімназычнага статусу. Аднак ня ўсе бацькі пагадзіліся з такім рашэньнем. Вераніка Дзеружынская вучылася па-беларуску ў менскай сярэдняй 146-й школе зь першае клясы. Апрача роднае, дзяўчынка разам з астатнімі аднаклясьнікамі вывучала яшчэ ангельскую ды нямецкую мовы. Аднак сёлетняй вясною радасьць бацькоў з прычыны добрага ўзроўню навучаньня дачкі была засмучаная. Школа абвешчаная гімназіяй, вучыцца ў якой з наступнага верасьня будуць па-расейску. Вучні адзінае ў паралелі вераніцынае беларускае клясы маюць права таксама вучыцца ў гімназіі, але толькі па-расейску. Пра гэта заявіла бацькам дырэктарка школы Ала Кісялёва. Тыя, хто хоча працягваць навучаньне на роднай мове, пазбаўленыя права на больш высокі гімназычны ўзровень навучаньня, але могуць працягваць вучобу па-беларуску ў агульнаадукацыйнай клясе. Такая дылема для бацькоў Веранікі апынулася ў рэчышчы маральнага выбару. Вось як ацэньвае сытуацыю бацька Веранікі Авяр’ян Дзеружынскі. (Дзеружынскі: ) “Вось такая дыскрымінацыя разам з дыскрэдытацыяй беларускасьці ідзе. Вось у мяне такая праблема”. – сказаў у інтэрвію нашаму радыё Авяр’ян Дзеружынскі. Сваю пазыцыю ва ўзьніклай у 146-й школе сытуацыі спадар Дзеружынскі
выклаў таксама ў лістох на ймя адукацыйнага начальства Маскоўскага раённага
выканкаму, якому падпарадкоўваецца 146-я школа, а таксама ўправы адукацыі
Менскага гарвыканкаму. Апрача справядлівага абурэньня дыскрымінацыйным
рашэньнем ды трывогі за будучы ўзровень навучаньня дачкі, ён зьвярнуўся
да адказных чыноўнікаў з наступнымі патрабаваньнямі:
Тым часам пачаліся летнія вакацыі, і Вераніку бацькі адправілі на адпачынак, так і не дачакаўшыся адказаў на свае пытаньні. Мне таксама не ўдалося знайсьці іх сёньня ва ўправе адукацыі Менгарвыканкаму. Намесьнік начальніка ўправы Рыгор Махнач сказаў, што ў аснову школьнамоўнае палітыкі ў горадзе пакладзенае права выбару бацькоў. Але беларускую мову ён асабіста “падтрымліваў заўжды”: (Махнач: ) “Мы вельмі хочам, каб больш школаў і больш клясаў у Менску было на беларускай мове. Мы вельмі гэтага хочам. Самі тут праводзім работу. Ну але націскам гэтага ня зробіш. Гэта праблема ўсіх нас. Часта здараецца так, што бацькі прыходзяць… Вось прыклад 110-й школы, адкуль у нас разоў пяць былі. Мы павінны выконваць патрабаваньні”, – сказаў намесьнік начальніка ўправы адукацыі Менгарвыканкаму Рыгор Махнач. Што ж тычна канкрэтнае сытуацыі ў 146-й школе, дык ён яе ня ведае, але паабяцаў разабрацца. Валянціна Аксак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |