RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 9 Чэрвеня 2000

Сёньня



Завяршыўся візыт у Беларусь прадстаўніка Міжнароднай арганізацыі працы Франка Хофэра. Ён вывучаў тут канфліктную сытуацыю, што склалася зараз паміж уладамі й прафсаюзамі.

Ініцыятарам запрашэньня ў Менск прадстаўніка Міжнароднай арганізацыі працы стаўся прафсаюз аўтасельгасмашу. Як паведаміў сёньня журналістам ягоны лідэр Аляксандар Бухвостаў, гэты крок быў выкліканы актывізацыяй наступу уладаў на правы працоўных у Беларусі. Атачэньне Лукашэнкі распачало кампанію жорсткага перасьледу прафсаюзаў. Як арганізацыяў, што ўваходзяць у Фэдэрацыю, гэтак і структураў Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў.

Вось што паведаміў нашаму радыё старшыня прафсаюзу радыёэлектроннае прамысловасьці Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) “Прыйдзе прамое даручэньне ад галавы адміністрацыі, прамое даручэньне міністра прамысловасьці, каб яны высоўвалі дэлегатамі на зьезд дырэктароў, каб тыя маглі паўплываць на хаду падзеяў на зьезьдзе. Болей за тое. На ўсе канфэрэнцыі на прадпрыемствах ідуць чыноўнікі ад міністэрства прамысловасьці з загадзя падрыхтаванымі сьпісамі тых людзей, якіх міністэрства прамысловасьці бачыла б дэлегатамі на трэцім зьезьдзе працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці. Ёсьць таксама захады, каб чыноўнікі міністэрства прамысловасьці высокага рангу сталі членамі прафсаюзу радыёэлекторннай прамысловасьці ”, – сказаў Генадзь Фядыніч.

Апроч Фядыніча й Бухвостава, Франк Хофэр меў сустрэчы зь лідэрам Свабоднага прафсаюзу Генадзем Быкавым і віцэ-прэзыдэнтам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Уладзімерам Макарчуком. Сёньня на сваёй выніковай прэс-канфэрэнцыі спадар Хофэр паведаміў:

“Прафсаюзы павінны быць незалежнымі ад дзяржаўнага ўмяшаньня і ад працадаўцаў. Так запісана ў статуце Міжнароднай арганізацыі працы, сябрам якое зьяўляецца і Беларусь. Да нас зьвярнуліся беларускія прафсаюзы, каб мы пазнаёміліся тут зь іхным становішчам. Мэханізм такі. Мы зьбіраем тут факты й накіроўваем у Жэневу. Там знаходзіцца адмысловы камітэт у справах свабоды асацыяцыяў. Ён разглядае скаргу й робіць выснову. Мы тут азнаёміліся з дакумэнтамі й бачым 5 пунктаў, паводле якіх камітэт у справах свабоды асацыяцыяў будзе разглядаць гэтую справу”, – зазначыў Франк Хофэр.

Перш за ўсё, сказаў ён далей, зьвяртае ўвагу пытаньне з рэгістрацыяй прафсаюзаў. Рэгістрацыя не павінна быць інструмэнтам, які б перашкаджаў дзейнасьці прафсаюзаў. Ужываньне такога прыёму, на думку Хофэра, зьяўляецца парушэньнем 87-й канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы. Разыходзяцца з дакумэнтамі гэтай арганізацыі і беларускія парадкі, зьвязаныя з патрабаваньнем пэўнае мінімальнае колькасьці сяброў прафсаюзаў. Трэці момант, на які зьвярнуў увагу Франк Хофэр – умяшаньне беларускіх ўладаў ва ўнутраныя справы прафсаюзаў. Паводле ягоных словаў, імкненьне ўрадавых структураў і адміністрацыі Лукашэнкі кантраляваць справаздачна-выбарчую кампанію прафсаюзаў парушае адразу дзьве канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы.

У Жэневе таксама будуць спраўджаныя на адпаведнасьць міжнародным стандартам правы працоўных Беларусі на страйк і выпадкі дыскрымінацыі паводле прафсаюзнае прыналежнасьці.

Міхал Стэльмак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org