RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 9 Чэрвеня 2000

Сёньня



Прыпыненьне сяброўства Лібэральна-Дэмакратычнае партыі Беларусі ў Кансультацыйнай радзе апазыцыйных палітычных партыяў не паўплывала на паводзіны астатніх партыяў. Сёньня яны прынялі да ведама гэтае рашэньне лібэрал-дэмакратаў.

На сёньняшнім паседжаньні Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў намесьнік старшыні Лiбэральна-Дэмакратычнае партыі спадар Маркевіч перадаў заяву, згодна зь якой ЛДП прыпыняе сваё сяброўства ў радзе. У заяве сьцьвярджаецца, што дзеяньнi некаторых палiтычных партыяў прыводзяць да таго, што пазыцыя Кансультацыйнае рады становiцца незразумелай электарату ЛДП. У сувязi з гэтым партыя пакiдае за сабою права самастойна прымаць рашэньнi й даводзiць да выбаршчыкаў сваю пазыцыю.

Усе 8 іншых партыяў, што ўваходзяць у Кансультацыйную раду, успрынялі гэтае рашэньне даволі спакойна. Спадару Маркевічу нават не задалі аніводнага пытаньня. Заяву прынялі да ведама, а гэта азначае, што лібэрал-дэмакраты надалей пазбаўленыя права ўдзельнічаць у абмеркаваньні пытаньняў і галасаваньні. Адзіная праблема паўстала ў зьвязку з просьбаю Лібэральна-Дэмакратычнае партыі захаваць за ёю статус назіральніка. Як высьветлілася, гэтае пытаньне проста не ўрэгуляванае ў Палажэньні пра Каардынацыйную раду. Але, паводле агульнага настрою, такі дазвол ЛДП, хутчэй за ўсё, атрымае.

А вось як камэнтуе дзеяньні партыі Сяргея Гайдукевіча ўдзельнік сёньняшняга паседжаньня, намесьнік старшыні Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі “Народная Грамада” Уладзімер Нісьцюк…

(Нісьцюк: ) “Я скажу, што гэта – нармальная зьява. Вельмі цяжка стваралася Кансультацыйная Рада апазыцыйных палітычных партыяў, бо да яго далучыліся ня вельмі моцныя апазыцыянеры. Першым крокам быў сыход “Яблыка”. Гэта было ўсім зразумела. Зараз сышлі лібэрал-дэмакраты. Гэта таксама зразумела. Нічога не адбылося. Кансультацыйны савет працуе, у яго ёсьць прававая падстава – гэта дэклярацыя Стамбульская і дэклярацыя Санкт-Пецярбурская. Ёсьць адзіная мэта ўсіх, ад камуністаў да Беларускага Народнага Фронту – зрабіць так, каб у дзяржаве можна было правесьці дэмакратычныя выбары, прадэманстраваць і свайму народу, і ўсяму сьвету, хто чаго каштуе”.

Гэта быў Уладзімер Нісьцюк.

У парадак дня сёньняшняга паседжаньня ўваходзіла таксама пытаньне пра магчымасьць выступу палітычнай апазыцыі на Беларускай тэлевізіі. Нагадаем, што на папярэднім паседжаньні Кансультацыйная рада дала паўнамоцтвы свайму сябру Аляксею Каралю і экспэрту ў пытаньнях мас-мэдыяў Юрыю Тапарашаву правесьці адпаведныя перамовы з кіраўніцтвам дзяржаўнае тэлерадыёкампаніі. Апазыцыя патрабавала эфірны час, паколькі у матэрыялах з гэтак званага “шырокага дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў” былі значана скажоныя ейныя погляды.

На першы зварот кіраўнік тэлерадыёкампаніі Рыгор Кісель даў пісьмовае даручэньне вядучаму суботняе праграмы “Панарама” Юрыю Казіятку прадаставіць у ягонай праграме слова апазыцыі ў памеры… аднае з паловаю хвіліны.

Ад гэтакае ласкі апазыцыя адмовілася. Яна настойвае на значным павелічэньні эфірнага часу.

Уладзімер Глод, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org