RFE/RL |
Пятніца, 9 Чэрвеня 2000 |
Сёньня: |
(эфір 10 чэрвеня) Навіны культуры мінулага тыдня. Ужо трэцяя бронзавая скульптура ўпрыгожыла Міхайлаўскі сквэр ля менскага вакзалу. Постаць дзяўчынкі пад дзіравым парасонам, створаная Ўладзімерам Жбанавым зь ініцыятывы былога мэра Ўладзімера Ярмошына, нагадвае мэтафарычны партрэт цяперашняе Беларусі. На ўсясьветнай выставе “EXPO – 2000”, што адчынілася ў нямецкім горадзе Гановэры, ёсьць і творы беларускага мастацтва. Наведнікі экспазыцыі “Водныя сьветы” могуць паслухаць музычны твор менскага кампазытара Віктара Косьцеля “Вада ў пяцёх сьветах”, які выконваецца на незвычайных інструмэнтах, у тым ліку на пляшках з вадою. Гэты твор стаўся адным зь пераможцаў конкурсу, у якім бралі ўдзел 10 тысячаў кампазыцыяў з 47 краінаў. На выставе “EXPO – 2000” можна ўбачыць і праект беларускіх дызайнэраў Уладзімера Цесьлера й Сяргея Войчанкі “Дванаццаць з Дваццатага”, прысьвечаны выбітным дзеячам усясьветнага авангарду. Постаці вялікіх папярэднікаў мастакі ўвасобілі ў выглядзе велічэзных яек з мармуру, шкла й цьвікоў. Яйкі Цесьлера й Войчанкі ўжо выстаўляліся ў Галяндыі і Расеі, а неўзабаве пераедуць у Злучаныя Штаты. Фірма “Каўчэг” выпусьціла аўдыёкасэту й падрыхтавала кампакт-дыск “Ах, любоў мая” зь песьнямі апошніх гадоў Надзеі Мікуліч. Колішняя салістка ансамбля “Верасы”, Мікуліч стварыла свой уласны выканальніцкі стыль на памежжы эстраднае ды народнае музыкі. У альбоме гучаць песьні Віктара Тараса й Валянціны Сярых, а таксама напісаныя самой сьпявачкаю – “Лета мядовае”, “Позьняя восень” ды іншыя. У той жа фірме “Каўчэг” толькі што выйшла кніга вершаў і прозы “Знайсьці сябе пад знакам задыяку” былога прадусэра гурта “Песьняры” Авэніра Вайнштэйна. У Музэі сучаснага мастацтва адчынілася выстава 39 нямецкіх фотамастакоў, якія здымаюць паказы моды і эротыку для жаночых часопісаў. Выстава паказвае, як зьмяніліся за апошнюю палову стагодзьдзя ня толькі прыёмы мастацкае фатаграфіі, але й самі немкі. Тварам нацыі замест былых кіназорак з арыстакратычнымі манэрамі цяпер сталіся самаўпэўненыя дзяўчаты бяз комплексаў. Адзіная дакумэнтальная стужка зь Беларусі, якая бярэ сёлета ўдзел у міжнародных кінафэстывалях, – гэта фільм Віктара Асьлюка “Андрэявы камяні” пра клоўна, які весяліў паміраючых у шпіталях ад лейкэміі чарнобыльскіх дзяцей, пакуль сам ледзь не згарэў у аўтакатастрофе. Герой стужкі спрабуе ўратаваць нацыю, высякаючы малітвы за Беларусь на камянях Крэўскага замку. Фільм, прэм’ера якога толькі што адбылася на міжнародным кінафэстывалі ў Кракаве, атрымаў запрашэньні на фэстывалі ў Карлавых Варах і ў Пецярбургу. Старшыня Саюзу тэатральных дзеячаў Беларусі Аляксей Дудараў адзначыў свой 50-ы дзень народзінаў, выканаўшы на сцэне Тэатра юнага гледача ролю ваяводы Дабрыні ў спэктаклі паводле ягонае п’есы “Палачанка”. Мала хто памятае, што Дудараў пачынаў сваю тэатральную кар’еру 24 гады таму артыстам гэтага тэатру, і менавіта ў ТЮГу адбылася прэм’ера ягонае першай п’есы “Выбар”. Драматург паабяцаў захаваць як сувэнір свой заробак артыста за рэпэтыцыі і спэктакаль “Палачанка” – 400 рублёў. Такія вось грошы ў Беларусі атрымліваюць артысты першае катэгорыі. Юрась Барысевіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |