RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Званіцa
Званіцы - колішнія дамінанты беларускіх мястэчак і вёсак. Сваёй вышынёй іх не маглі перавысіць ні коміны кацельняў - дамінантаў савецкага краявіду, ні - тым больш - помнікі правадыру, ці, нават, курганы славы. Сустракаліся, напраўду, коміны і вышэйшыя ад званіцаў, але нават самы зацяты бязбожнік наўрад ці мог бясконца глядзець на іх, калі недзе побач вабіла й песьціла вока незвычайная вежа зь якой некалі чуўся то мэлядыйны, то набатны, то апавяшчальны ці заклікальны звон. Відаць, званіцы адрывалі эпахальныя бальшавіцкія думкі ад матэрыяльнага і нагадвалі пра Бога. Каб ня страціць ідэйнай арыентацыі і не дапусьціць народныя масы ў рэлігійнае цемрашальства бальшавікі высылалі ці вынішчалі званароў, разбуралі званіцы. Заместа іх яны ўвялі пралетарскія «званіцы» ў выглядзе папярэчнай бэлькі, на якую быў навязаны кавалак чыгуначнай рэйкі - дэталь БССРаўскай эстэтыкі. Слова званіца паходзіць ад слова звон. Але калі звон - яшчэ праславянскае, а паводле некаторых дасьледнікаў нават індаэўрапейскае, то званіца - зусім не, згадаем расейскае: колокольня. Слоўнікі Ластоўскага і Станкевіча падаюць гэтае слова ў спольшчанай форме званьніца (праз мяккае падвойнае -н-), а вось ужо слоўнік Некрашэвіча і Байкова піша як і цяпер - званіца. Глядзіць са сваёй званіцы - гаворым мы, калі хочам сказаць, што чалавек ацэньвае нешта аднабакова, са свайго пункту гледжаньня, са сваім разуменьнем. Між тым, у гэтым выразе схаванае тое адмоўнае, якое магло б стаць для нашага народу дадатным, калі б мы сябе і сьвет навучыліся бачыць са сваёй Беларускай Званіцы. Сяржук Сокалаў-Воюш
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |