border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Жылплошча.

Па вайне забесьпячэньне масаў жыльлём стала магутнай псыхатэрапіяй для панішчаных гарадоў і вёсак.  За тлумам навабудоўляў забываліся жахі вайны і ўжо ня верылася ў Курапаты. Пад фанфары перарэзваліся чырвоныя стужкі, і на вачах у зьняможанага народа паўставалі дамы-палацы. Тады будавалі на шырокую нагу. Пра нарматывы кватэрных плошчаў ня дбалі. Толькі 12 дадатковых мэтраў абавязкова выдзялялася для кандыдатаў хоць якіх навук. А для дактароў ці для творчых работнікаў мусілі прыдаваць па 20 мэтраў. Гэтае вынаходніцтва Сталіна трывала да канца СССР.

Неўзабаве, праўда, высьветлілася, што новых палацаў на ўсіх ня хопіць. Давялося ўводзіць нарматывы. За Хрушчовым яны склалі 6 мэтраў на чалавека, якіх, на думку савецкіх гігіеністаў, мусіла хапіць савецкаму чалавеку для здаровага сну пасьля цяжкага працоўнага дня. Прытым, жылплошчай звалася не агульная плошча кватэраў, а толькі тая, дзе можна было ставіць ложкі або сэрванты.

Неўзабаве прыйшла яшчэ адна праблема - як стрымаць рост гарадоў. Тады прыдумалі наступную норму - лішнія 12 мэтраў трэба было шукаць таму, хто жадаў атрымаць блаславёную гарадзкую праіску.

Дзеля атрыманьня жылплошчы пайшлі ў ход шлюбы, народзіны і разводы. Жылплошча - гэтае слова штодня гучала на розныя лады ў судах, міліцыі, ЗАГСах.

Адна з галоўных мэтаў савецкага чалавека - Жылплошча... Ня блытаць з жыльлём!

Сяргей Харэўскі.
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org