border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Зуброўка

Зуброўка -- духмяная трава, якая расьце ў лясох і на лугавінах, атрымала сваю назву праз тое, што яна -- улюбёная ежа волатаў беларускага лесу - зуброў. А яшчэ яна - араматычны сродак, які ўжывецца для...

Напэўна, кожны жыхар Беларусі мог бы скончыць гэтую фразу, нават не падумаўшы, што апрача гарэлкі зуброўкавы водар можна знайсьці ў старых рэцэптах пірагоў, печываў і іншых прысмакаў. Пахам зуброўкі дыхалі закаханыя ў вечаровых стагах, але пра яго чамусьці ніколі ня пісалі паэты.

Зуброўка 20-га стагодзьдзя гэта тавар. Укінутая ў гарэлку жоўтая або зялёная сьцяблінка ператварае яе ў трунак вышэйшай якасьці. Напой "Зуброўка" - сувенір зь Беларусі, які вязуць нашыя суайчыньнікі едучы куды-небудзь у замежжа. Гэткім чынам "Зуброўка" - гэта ў пэўным сэнсе візытоўка Беларусі.

"Вось сымбаль твой, забыты краю родны", -- выгукнуў словамі Багдановіча адзін мой знаёмы, уздымаючы над галавой фірмовую пляшку. "А што, -- адказаў другі, -- ня трактар жа Беларусь весьці ў падарунак".

Налепка на "Зуброўцы", як правіла, ўпрыгожаная выявамі зуброў і неабазнаны чалавек можа зразумець гэта як намёк: зубры ядуць гэтую траву і яны моцныя. Хочаш быць моцным -- пі "Зуброўку". Між тым, гатунак зуброўкі які ідзе на выраб гарэлкі, зубры не ядуць. Яны любяць іншую зуброўку, якая хаця і з аднэй сям"і з гэтай, але такога паху ня мае.

У 70-80-я г.г. "Зуброўка" ўжывалася як падмазка перад хабарам, а то й як хабар. Яе скрынкамі выстаўлялі для рознага кшталту праверак, рэвізыяў і ўрачыстых сустрэчаў так званых патрэбных людзей. Кіраўнікі рознага кшталту і розных узроўняў, едучы на паклон хто ў Менск, хто ў Маскву везьлі яе з сабой і гэткім чынам залагоджвалі справы, атрымлівалі ўзнагароды або "ярлыкі на княжаньне".

"Зуброўка" і сапраўды магла б стаць каралевай беларускіх напояў, як "Бехераўка" ў чэхаў, "Пярцоўка" ў украінцаў, ці каралём, як "Рыскі бальзам" у латышоў... Але ня стала...

Сяржук Сокалаў-Воюш.
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org