RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Зубр
Беларусь на мапе, у тых межах, у якіх яе акрэсьлілі й пакінулі нам у спадчыну бальшавікі, сапраўды нагадвае зубра. Беларусь у этнаграфічных межах больш падобная на краіну. Зубр у якасьці аднаго з сымбаляў Бацькаўшчыны пачаў фігураваць толькі ў ХХ стагодзьдзі, гэта значыць, у той час, калі сама жывёла стала рэліктам, і пароду трэба было штучна аднаўляць. Мала які народ у сьвеце чуўся б маральна здаровым, калі б ягоны сымбаль жыў у запаведніку, няхай сабе й такім цудоўным, якім ёсьць Белавеская пушча. Затое зубр цудоўна пасуе нам у якасьці ілюстрацыі сучаснага стану грамадзтва. Ён, як дзьве душы Максіма Гарэцкага, традыцыйны і накінуты звонку, ён гаспадар лесу, і ён -- знак магутнай індустрыйнай дзяржавы. Але гэта -- толькі прывід, бо ў сапраўднасьці беларусы ня маюць а ні першага, а ні другога. Як зьдзек, выглядае зьніклы зубр заміж традыцыйнага аленя, на гэрбах Гародні й Гарадзенскай губэрні часоў Расейскае імпэрыі. Літаратура ХХ стагодзьдзя ня надта цікавілася зубрамі. Калі хто і апеў гэтую жывёлу, дык Уладзімер Караткевіч. Ён жа ўвёў ва ўжытак і яшчэ адное, пераносна-кантэкстуальнае значэньне слова зубр -- чалавек, які ўпарта трымаецца сваіх адсталых поглядаў. На шчасьце, гэткае значэньне не надта каб прыжылося. І зубрамі мы ўсё ж хутчэй назавём Сапегу, Багушэвіча, Крычэўскага, а нават і самога Караткевіча, чым таго ж Лукашэнку. У прыродзе зубр жыве 35-50 гадоў. Ягоны названы брат, беларускі цяжкавагавы аўтамабіль "Зубр" столькі не працягнуў. Ён выйшаў з ужытку й зьнік з рэальнага жыцьця. Як зьніклі зь яго многія так званыя "дасягненьні Савецкай Беларусі" зь ейнымі зубрамі ад палітыкі, эканомікі ці культуры. А вось новых нацыянальных зуброў у грамадзкім жыцьці дзяржавы канца гэтага стагодзьдзя назаве стагодзьдзе наступнае. Яно ж можа вярнуць у звыклы беларускі лес і ягонага сапраўднага гаспадара -- зубра. Сяржук Сокалаў-Воюш
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |