RFE/RL |
Жорны
Жорны або ручны млын -- адная з галоўнейшых вынаходак чалавека. Дзякуючы жорнам людзі атрымалі хлеб. Некалі жорны былі амаль у кожным беларускім сялянскім двары, займаючы пачэснае мейсца ў сенцах ці ў самой хаце. За дзень на каменных жорнах можна было змалоць тры пуды жыта. У гады калектывізацыі ў незаможных вёсках, што стаялі на пясчаных полацкіх землях, гаспадароў жорнаў, выконваючы разнарадку, часта запісвалі ў кулакі. Васіль Быкаў згадваў пра аднавяскоўца, які, каб уратавацца ад Сібіры, прынародна разьбіў свае жорны на панадворку. Удзень расколатыя камяні-жарнавікі ляжалі навідавоку, а па начах гаспадары-суседзі скручвалі іх дротам ды ўпотай малолі зерне. Энцыкляпэдыя этнаграфіі Беларусі сьцьвярджае, што жорны захоўваліся ва ўжытку да 50-х гадоў ХХ стагодзьдзя, але гэта ня так. Нягледзячы на велічныя посьпехі савецкага народу ў камуністычным будаўніцтве, яшчэ напрыканцы 60-х бавячы лета ў роднай мамінай вёсцы на Шклоўшчыне, я шмат разоў ўласнаручна круціў бабуліны жорны. У далёкіх лясных вёсках, дзе жыве дзясяткі два старых, дзе бліжэйшая крама за дзесяць кілёмэтраў, а аўталаўка з хлебам прыяжджае раз на пару тыдняў, жорны й сёньня ратуюць беларускага селяніна. Апошні раз жывыя жорны мне выпала бачыць у забытай Богам і ўладаю расонскай вёсачцы на мяжы з братняй Расеяй. "Галасавалі, дзетка, за таго лукашонка, а цяпер во гора сваё на жорнах мелем", -- сказала старая кабета зь некалі блакітнымі вачыма. Размова адбывалася летась. Значыцца, энцыкляпэдычны артыкул пра жорны вымагае напрыканцы стагодзьдзя істотнага ўдакладненьня. Уладзімер Арлоў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |