RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Зорка
Сёння я адгарнула тры беларускія эвангельлі і пераканалася, што ўва ўсіх трох перакладчыкаў - Луцкевіча, Сёмухі й Станкевіча - менавіта па зорцы мудрацы, ці магі з усходу даведаліся пра нараджэньне Хрыстовае. Пабачыўшы зорку на небе, яны прыйшлі пакланіцца нованароджанаму цару юдэйскаму. Зорка ў беларусаў ахоплівае сваім шматколерным зьзяньнем і царкоўную, і нябесную, і паэтычную сфэры. Згадаем "Зорку Вэнэру" Максіма Багдановіча, "Зорачкі" Сяргея Новіка-Пяюна, "Гэта ты мая, зорка ясная" Адама Русака. "Засвяціла зора" - гэта праходзіць праз увесь фальклёр. Зора - гэта першасны, больш старажытны варыянт, які побач, з гвездай , належыць усім славянскім мовам. Адметнае хіба што тое, як па-рознаму разьмеркаваліся іх сынанімічныя спэктры ў гэтых мовах. Так, у чэскай zora азначае толькі ранішнюю зорку, а hvezda ахоплівае увесь лексычны рад: гэта і нябеснае сьвяціла, і геамэтрычная форма, і выдатны чалавек, славутасьць. У беларускай - наадварот- слова зьвязда сваімі сёстрамі-зоркамі як бы адціснутае на край небасхілу. Найперш, Зьвязда зьвязваецца з тытулам найстарэйшай беларускай газэты савецкага часу. З 1917 году закладзеная ў Менску бальшавікамі газэта выходзіла сапраўды пад рускай назвай Звезда. У 1924 годзе выданьне стала беларускім, у назве ЗВЕЗДА зьмянілася ЗЬВЯЗДОЙ. Практычна кожнае пакаленьне і чытачоў, і журналістаў газэты вярталася да спрэчкі пра вартаснасьць гэтай назвы. Адна з высноваў, да якой прыходзілі кожны раз - што слова гэтае існавала ў сваёй нішы сэпаратна й незалежна ад бальшавіцкага ўтварэньня. У многіх гаворках зьвязда супернічае са словам зорка, напрыклад, у называньні таго самага каляднага рыштунку, зь якім прынята хадзіць шчадраваць. Такая зьвязда ці зорка звычайна была саламяная, шасці- ці васьміканцовая, яна чаплялася на высокі шасток. У фальклёрных тэкстах ёсьць і спэцыяльная назва для тых, хто ходзіць па хатах пад такой звяздой - зьвездары. Добра, калі ў мове, як і на небе, словы вяжуцца ў сузор'і. Алена Ціхановіч
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |