border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Заўзятар

Заўзятар.  Гэтае слова зьявілася ў беларускай мове ў першай палове 80-ых, калі нацыянальна сьведамая моладзь пайшла на стадыёны, каб пачаць адраджэньне Беларушчыны і на гэтай жыцьцёвай дзялцы.

Ужыванае перад тым запазычанае з расейскай балельшчык аніяк ня лезла ў сыстэму мовы і вымагала як найхутчэйшай замены.  Вось тады два паэты Алег Бембель і Алесь Разанаў і запрапанавалі заўзятара.  Пры гэтым сама зьява заўзятарства была падзеленая на тры катэгорыі:

1.  Заўзятар -- той хто арыентуецца ў спорце, чытае адмысловыя выданьні, ведае лічбы і ймёны, карацей -- аматар прафэсійнага ўзроўню.

2.  Заўзей -- той хто ходзіць на стадыёны, ведае, што адбываецца ў спорце, але ў адрозьненьне ад заўзятара ёсьць вылучна аматарам.

3.  Заўзюк -- самая калярытная і небясьпечная постаць на трыбунах.  Ён мала ў чым арыентуецца, почасту зьяўляецца на спаборніцтвы нападпітку.  Гэта ён, заўзюк, роспачна вые, калі ягоная каманда прайграе і дзіка трыюмфуе, калі наадварот.  Яго лёгка можна пазнаць на трыбуне па адкаркаванай бутэльцы і кавалку кілбасы.

Гэты падзел на катэгорыі як і слова заўзець (балець) у мове пакуль што не прыжыліся.

Цяпер слова заўзятар можна пачуць як з вуснаў саміх заўзятараў, так і ад тэле- і радыёкамэнтатараў, а таксама адшукаць у прэсе.  Вось толькі ў грунтоўных слоўніках яго ўсё яшчэ няма.

Зразумела, што слова заўзятар -- вытворнае ад заўзяты, а гэта і той, хто стала і з захапленьнем займаецца чым-небудзь, гэта і ўпарты ды напорысты.  Яно прыйшло да нас з польскае мовы ў якой азначала: ўзяты, захоплены.

Слова заўзяты мае бальшыня славянскіх моваў, а вось заўзятар -- толькі мы.

Сяржук Сокалаў-Воюш
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org