RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Заклад

У беларускай мове слова “заклад” згадваецца яшчэ ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага, маючы выразны сэнс юрыдычнага тэрміна.

Шматлікія захопніцкія навалы, што не міналі нашага краю, надалі гэтаму слову зусім іншы сэнс, трывала замацаваўшы ў беларускай сьвядомасьці слова “закладнік”.

Ісьці ў заклад, купіць на заклад, аддаць у заклад, закладваць нейкую справу. Тут дарэчы будзе згадаць і сьвята Закладзіны, калі, заклаўшы першы камень у падмурак, дужа натомленыя работнікі пачыналі імпэтна “закладваць за каўнер”.

Апроч іншага, не дае пра сябе забыць і пасьпяховая закладка калгасамі фуражу, пра што рэгулярна інфармуе сваіх слухачоў беларускае савецкае радыё.

Можна было б прыгадаць яшчэ нешта, але ўсе гэтыя заклады трацяць амаль усялякі сэнс перад тым значэньнем, якое займела гэтае слова ў краіне саветаў.

Закладваючы ўласнага бацьку, можна было лёгка выйсьці ў піянэры-героі, як гэта зрабіў славуты Паўлік Марозаў, стаўшы прыкладам для кожнага савецкага дзіцяці. Заклаўшы суседа, шмат хто здолеў спатоліць уласную зайздрасьць ці адквітаць нейкую крыўду. Закладваючы начальніка, куды бліжэйшаю рабілася таемна жаданая пасада.

Закладваючы з пэўнай рэгулярнасьцю, зьяўляўся шанец зрабіць сваю прыродную схільнасьць хлебнаю прафэсіяй у штаце адпаведнай установы.

Аднак, якой бы ўдалай не аказалася гэтая кар’ера, яна проста нішто ў параўнаньні з мажлівасьцю аддаць у заклад дзеля ўласнага інтэраса цэлую краіну, тым самым зрабіўшы закладнікамі ажно 10 мільёнаў чалавек.

Рыгор Сітніца
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org