RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Зайздрасьць
Зайздрасьць — гэтаксама як спакуса і ганарлівасьць — суправаджае чалавека на працягу ўсёй гісторыі, ад Эдэмскага саду да Гефсіманскай гары, ад Алены, на якую паквапіліся траянцы, да Марксавай дадатковай вартасьці, якую, паводле геніяльнага выразу шарыкавых, трэба ўзяць і падзяліць. «Пачуцьцё незадаволенасьці і раздражненьня, выкліканае перавагамі, посьпехамі, дабрабытам іншых. Жаданьне мець тое, што маюць іншыя», — што можа быць больш трапным за гэтае вызначэньне савецкай улады, якое тлумачальны слоўнік беларускай мовы памылкова дае слову зайздрасьць. Зайздрасьць перамагла ў Беларусі на бальшавіцкіх штыхах — і замест Беларускай Народнай Рэспублікі было пабудаванае царства роўнасьці і братэрства, якія ёсьць палітычнымі сынонімамі зайздрасьці. Зайздрасьць сканфіскавала заводы і зямлю, шляхту і інтэлігенцыю, культуру і прыстойнасьць. — Прасі што хочаш, — сказаў Бог беларусу. — Дам табе, але суседу дам удвая.
У славянскіх мовах слова зайздрасьць мае агульнае паходжаньне ад стараславяскага дзеяслова зазьрети — убачыць, і верагодна, заснаванае на так званым злым воку, якое можа сурочыць. Блізкае да зайздрасьці паходжаньнем і слова нянавісьць — ненавідзяць, г.зн. ня хочуць і ня могуць спакойна глядзець на тое, чаму зайздросьцяць. Зайздрасьць — галоўная эмоцыя ХХ стагодзьдзя ня толькі для Беларусі, але Беларусь сустракае новае стагодзьдзе з зайздрасьцю ў якасьці дзяржаўнай палітыкі і ідэалёгіі. Зайздрасьць, якая ўладарыць у краіне, жадае мець маёмасьць прадпрымальнікаў, хоча, каб яе паважалі дома і за мяжой як прыстойную даму, каб яе любілі як народную ўладу. Зайздрасьць ёсьць эмоцыяй несвабоды. Усе несвабодныя зайздросьцяць свабодным, але ніколі — наадварот. Аляксандар Лукашук
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |