border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Зацьменьне.

У дзень зацьменьня ўсе позіркі скіраваныя на Сонца.

Кароткі момант адвечнага суіснаваньня сьвятла й ценю, калі той становіцца гаспадаром, перамагае і захоплівае тэрыторыю сьвятла.

Апошняе ў ХХ стагодзьдзі астранамічнае зацьменьне ў Беларусі цягнулася каля дзьвюх хвілінаў. Увогуле, найдаўжэй Месяц можа засланіць Сонца толькі на сем з паловаю хвілінаў. У беларускім жыцьці ХХ стагодзьдзя, наадварот, гэтак сама коратка, як зацьменьні, панавала сьвятло – спачатку БНР, потым новай незалежнасьці пачатку 90-х. На беларусаў доўгі цень у ХХ стагодзьдзі падаў адразу зь дзьвюх суседніх сталіцаў – з Усходу й Захаду.

Але Сонца ці цень – выбар, які ўвесь час стаіць і перад самой Беларусьсю.Уся краіна – як прыродны асяродак крата, зь якім на пачатку стагодзьдзя параўнаў свой народ паэт. “Загляне сонца і ў наша ваконца” – яшчэ адзін паэтычны голас зь цемры, адтуль, дзе няма Cонца. “На прастор, на шырокі разлог выхадзі, мой народ, грамадою” – заклік трэцяга нацыянальнага клясыка, таксама зьвернуты ў царства змроку, падзем’е.

Толькі на вольнай арбіце нябеснае цела не залежыць ад чужога ценю.

Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асьляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,
Калісь глядзеў на сонца я.


Да Сонца – нацыянальная задача стагодзьдзя.

Аляксандар Лукашук
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org