RFE/RL |
Зацяжка Здаўна кажуць: адклад ня йдзе ў лад – і тое чыстая праўда. Зацягнуць якую справу – азначае, почасту, не ўчыніць яе ўвогуле. Ня надта каб была ўлюбёная ў народзе такая справа, як зацяжка. Каму ж даспадобы марудлівасьць і няпэўнасьць у наш дынамічны час? Хіба што ў абутковай справе зацяжка сама сябе спраўджвае. Бо гэтак завецца дзея нацягваньня і замацаваньня матэрыялу на калодку. Тут пасьпешлівасьць зусім недарэчы. Затое, які рытм, якую хуткасьць вястуе млявае, запаволенае слова, калі
называе падзеньне парашутыста пры зацяжным скачку. Уяўляеце?
А што ўжо казаць пра нашае запаволенае беларускае жыцьцё, ў якім, здаецца, зусім спынілася цяга. Аднак, дарма мы пра сябе гэтак мяркуем. Быццам ня лёсы цягнем на плячох, а суцэльныя цягучыя зацяжкі. Ого, які нораў выяўляе ў нацыі яе пераклятасьць – зацяжка! Якая даўкая зацяжка тытунём! Як шыпяць па-гадзючы, лямантуюць і скрыўджана вырачана жаляцца кабеты ў слынных на ўвесь сьвет чэргах ды аўтобусах-тралейбусах. Век бы не падумаў: зацяжкі на калготах ды панчохах апынаюцца здатнымі разварушыць нашых невідушчых мужчынаў. Тых зграбных ножкаў, ухваленых Барадуліным, прыкмеціць няма часу, няма й моцы. Затое як заверашчыць каторая маладзіца! Гэткае ўражаньне, што жаночы візг ад празацяжкі толькі й нагадвае нашым зьніякавелым мужчынам, што яшчэ ёсьць тут, на Беларусі, і другая палова чалавецтва. Жанчыны, што вечна мрояць пра каханьне і вечна хочуць прыгожа апрануцца, не баючыся зацяжкаў ні на калготах, ні ў жаданым лёсе-шчасьці. Антаніна Хатэнка
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |