RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Вуліца

Вясковая і гарадзкая, вузкая і шырокая, простая і крывая, адкрытая, што выводзіць на выган, на дарогу, на тракт, і глухая, тупіковая, што вядзе ў нікуды. Вуліца пясчаная, пыльная або гразкая, брукаваная або пакрытая асфальтам – на чорным асфальце асабліва відаць крывавыя плямы.

Ад вуліцы згадваю неаддзельнае вясковае дзяцінства:

– Куды, сынок?
– На вуліцу

Сёньня ў гарадах моладзь на тое ж пытаньне адказвае – на вуліцу, на плошчу, на дэманстрацыю.

Улады ўзялі сабе за права вырашаць, па якой вуліцы дэманстрантам можна ісьці, а па якой нельга. І калі яны, дэманстранты, барані Бог, раптам пойдуць не па той, не па дазволенай вуліцы, ахоўнікі парадку іх могуць сустрэць дубінкамі і сьлезацечным газам.

Ёсьць такі выраз – сьвята на нашай вуліцы. Менавіта яго ўжыла тры гады таму група вядомых літаратараў і навукоўцаў, калі выступіла супраць скасаваньня нашага галоўнага нацыянальнага сьвята, зьвязанага з абвяшчэньнем Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.

Дык што сьвяткаваць нам, беларусам? Ці будзе на нашай вуліцы сьвята? – пыталіся аўтары артыкула. Сапраўды, ці будзе, а як будзе – то калі і якое сьвята на нашй беларускай вуліцы?

Анатоль Вярцінскі
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org